У Вільні разглядаюць шляхі мірнага пераадолення крызісу ў Беларусі


У 157-ю гадавіну з дня пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага ў Вільні адбыўся міжнародны форум. Яго арганізавалі літоўскі ўлады разам з камандаю Святланы Ціханоўскай. Там прысутнічалі і еўрапейскія палітыкі высокага ўзроўню.

Пачаўся форум з ускладання кветак на Лукішках – месцы пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Пасля гэтага ўдзельнікі цырымоніі накіраваліся ў Сейм Літвы.

«Форум Каліноўскага – гэта найбуйнейшая міжнародная канферэнцыя на тэму Беларусі ад жніўня мінулага года. Такога складу ўдзельнікаў на такім высокім узроўні не было ні разу», – падкрэсліў дарадца Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франак Вячорка:

«Мэта форуму – прадэманстраваць салідарнасць з Беларуссю, паказаць, што справа беларусаў жыве, што свет, міжнародныя арганізацыі, замежныя ўрады гатовыя спрыяць у арганізацыі перамоваў для выхаду з крызісу».

На мінулым тыдні офіс Святланы Ціханоўскай запусціў галасаванне на онлайн-платформе «Голас». Там беларусы могуць выказаць сваё меркаванне адносна перамоваў з цяперашнім беларускім урадам аб мірнай перадачы ўлады. На момант рыхтавання матэрыялу, «за» прагаласавалі больш за 660 тысяч беларусаў. На меркаванне палітолага Вольгі Харламавай, «мільён – гэта праграма максімум, якую можна дасягнуць».

«На сёння выглядае так, што гэтае апытанне можа быць выкарыстанае беларускімі ўладамі як пацверджанне іх сацыялогіі. І гэта адна з самых вялікіх небяспекаў, якія цягне за сабой вось такое апытанне» – кажа палітолаг.

Перамовы «павінны прывесці да свабодных, дэмакратычных выбараў сёлета і з шырокім міжнародным назіраннем» – упэўнены дыпламатычны прадстаўнік Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.

«ЗША падтрымліваюць гэтую ініцыятыву», – заявіла на форуме амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

«З вамі цяпер увесь цывілізаваны свет. Дагэтуль, калі мы рабілі першую канферэнцыю Каліноўскага, з вамі, можа, былі літоўцы, можа, некаторыя іншыя краіны. Цяпер з вамі свет. Дык пакажыце свету, што вы такія, як яны, вашая годнасць павінная быць абароненая», – заявіў дэпутат Літоўскага Сейму Жыгімантас Павілёніс.

Дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштравічус мяркуе, што размаўляць трэба не столькі з афіцыйным Менскам, колькі з Крамлём:

«Калі Захад знойдзе спосаб, канал і ўздзеянне на Крэмль, каб Крэмль таксама вызначыўся наконт перамоваў пра будучыя свабодныя, я спадзяюся, і правільныя выбары ў Беларусі, тады, напэўна, справы пойдуць».

Паводле палітолага Вольгі Харламавай, сітуацыя з перамовамі выглядае нерэалістычна. А магчымасці ўплываць на афіцыйны Менск у пасярэднікаў даволі абмежаваныя:

«Пасярэдніцтва мусіць быць тады, калі ёсць два бакі, якія бачаць мэту гэтых перамоваў. Сітуацыя перамоваў у Малдове, калі саму Малдову з гэтых перамоваў проста прыбралі, кажа аб тым, што адразу трэба разуменне сваё, уяўленне, што мы хочам бачыць, якіх вынікаў хочам дасягнуць, пасля ўжо пад пэўную патрэбу можна шукаць трэці бок».

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька на імпрэзе падкрэсліў важнасць бязвізавага рэжыму для беларусаў, цытую: «Гэта будзе ключавым фактарам – адкрыць межы. У беларусаў мусіць быць магчымасць вольна перасоўвацца».

Каця Малей, «Белсат»