Як «Горадня Азот» абыходзіць санкцыі ЕЗ


Падсанкцыйны груз вартасцю 320 тысяч еўраў, што мусіў быць дастаўлены ў Дубай праз клайпедскі порт, затрымала літоўская чыгунка. Падстава – інфармацыя ад Беларускага расследавальніцкага цэнтру. Карбамід, які прадала фірма-пракладка з Беларусі, насамрэч выраблены на «Горадня Азоце». Прадпрыемства ўжо больш за год – у санкцыйным спісе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Эксперты нам пацвердзілі, што ў Беларусі ёсць толькі адзін вытворца карбаміду, і гэта “Горадня Азот”, – кажа журналіст Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алесь Ярашэвіч. – Яшчэ мы знайшлі іншыя сувязі гэтай кампаніі з “Горадня Азотам”. У “Тэхнаспецтрэйдынгу” працуюць былыя супрацоўнікі “Горадня Азоту”. Карбамід, які вывозілі чыгункай праз Літву ў Клайпеду, а далей у Дубай, загружаўся на чыгуначнай станцыі, якая размяшчаецца побач з “Горадня Азотам”».

Гэта не адзіны затрыманы груз «Горадня Азоту». У ноч на 14-га лютага прадстаўнікі Беларускага расследавальніцкага цэнтру разам з актывістамі «Рабочага руху» спынілі на мяжы з Літвою дзве фуры з карбамідам. Згодна з паперамі, груз, запісаны ў дакументах на фірму-пракладку, везлі ў Сербію. Цяпер тавар пад арыштам.

На думку расследавальнікаў, гарадзенскі «Азот», што праз санкцыі больш не можа прадаваць сваёй прадукцыі ў ЕЗ і шэраг іншых краінаў, наладзіў эфектыўную схему для абыходу абмежаванняў. Выглядае гэта так: «Горадня Азот» дамаўляецца з кліентамі на дастаўку падсанкцыйнай прадукцыі. Дамову кліент заключае з фірмаю-пракладкаю. Пасля чаго прадукцыя, адгружаная на «Азоце», але з дакументамі фірмы-пракладкі рушыць, напрыклад, у ААЭ. Прычым гэтыя краіны могуць быць прыкрыццём, а груз карбаміду ад гарадзенскага «Азоту» асядае дзесьці ў ЕЗ.

«Цалкам можа быць выкарыстаная гэтая схема, калі ўгнаенні афармляюцца на пастаўкі ў Дубай. Яны перасякаюць мяжу, заязджаюць у порт. А потым грузы пераафармляюцца, як быццам яны ўжо літоўскія, ды іх вязуць, напрыклад, у Нямеччыну», – мяркуе Алесь Ярашэвіч.

Гарадзенскі «Азот» трапіў пад санкцыі ЕЗ яшчэ пазалетась. Адна з прычынаў гэткага рашэння – палітычны пераслед рабочых. Удзельнікаў страйкаў і маніфестацыяў звольнілі, нехта трапіў за краты. Днямі агучылі выракі чатыром былым працаўнікам прадпрыемства з аб’яднання «Рабочы рух». Кожны атрымаў больш за 10 гадоў зняволення. Раней адною з правінаў гэтых асобаў Лукашэнка называў раскрыццё схемаў абыходу санкцыяў:

«Ад шпіянажу (як Галоўчанка будзе абыходзіць санкцыі) да інфармавання таго актыва, на які можна разлічваць. Ад шпіянажу – да будучага бунту. І калі мы пачалі працаваць па гэтых мярзотніках – мы ўбачылі што гэта за “Рух”».

Рэжым Лукашэнкі знаходзіць дзіры ў санкцыях і карыстаецца гэтым: толькі за мінулы год Гарадзенскі «Азот» пералічыў у бюджэт блізу 50-ці мільёнаў долараў. Прадпрыемства працягвала гандляваць праз краіны Еўразвязу, бо ў санкцыйны спіс залучаны толькі завод, а не прадукцыя, якую ён выпускае.

«Больш эфектыўны падыход – уводзіць санкцыі не на некаторыя прадпрыемствы, а на сектары, – разважае дарадца прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе транзіту ўлады Арцём Брухан. – Журналісты падымаюць гэтую хвалю, а мы ўжо на сваім узроўні перадаем канкрэтныя кейсы і ў Еўракамісію, і нацыянальным урадам».

Справа з беларускімі ўгнаеннямі атрымала шырокі розгалас у літоўскіх медыях. Афіцыйная Вільня мае намер узмацніць адказнасць за абыход санкцыяў для фізічных ды юрыдычных асобаў. Ім могуць пагражаць вялізныя штрафы. Адпаведны законапраект разгледзяць у літоўскім Сейме ў наступным месяцы.

«Гэта ініцыятыва ўраду – яны прынясуць у Сейм, і мы будзем разглядаць, – кажа літоўскі дэпутат Томас Тамілінас. – Агулам ёсць крытыка з апазіцыі на бок міністраў, бо ўвесь час з’яўляюцца навіны, што тая ці іншая кампанія абыходзіць санкцыі».

Мытная служба Літвы справаздачыцца аб узмацненні правяранняў на мяжы.

«Правяранні на мяжы будуць узмоцненыя. Таксама мушу сказаць, што ўсяго за 9 месяцаў 2022-га літоўская мытня 27 тысячаў разоў не дазволіла аформіць розныя працэдуры імпарту, экспарту і транзіту з Расеі ды Беларусі», – кажа ў каментары «Белсату» прадстаўнік у сувязях з грамадскасцю Мытнай крымінальнай службы Літвы Гядзімінас Кулікаўскас.

На думку ж Алеся Ярашэвіча, адна з галоўных праблемаў – адсутнасць адмысловай інстытуцыі ў Еўразвязе, якая б адсочвала такія спробы абысці санкцыі.

Ян Федаровіч, «Белсат»