Што будзе без СНУ-III?


Масква сапраўды прыпыняе дамову з ЗША аб захадах для далейшага скарачэння ды абмежавання стратэгічных наступальных узбраенняў – СНУ-III. Дзяржаўная дума Расейскай Федэрацыі прагаласавала за такое рашэнне адзінагалосна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Эксперты сведчаць, што дамова (СНУ) была годным прыкладам адказных стасункаў паміж Расеяй і ЗША. З часу дзеяння падпісанага ў 2010-ым годзе пагаднення дзве краіны правялі 328 узаемных інспекцыяў на ядравых аб’ектах. Цяпер жа з ініцыятывы Масквы «Новы старт», як дамову называюць у ЗША, падышоў да фінішу.

«Першае і самае галоўнае, што трэба ўсведамляць – гэта азначае канец двухбаковага дыялогу паміж ЗША і Расеяй. “Новы старт” быў адным з нешматлікіх фарматаў для двухбаковых дыскусіяў аб ядравых узбраеннях. Асабліва дыскусіяў, у якіх бралі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў абароны. Са спыненнем гэтай дамовы мы не проста губляем пагадненне аб кантролі над узбраеннямі, мы губляем сапраўды важны канал сувязі. Мы губляем яго менавіта ў той момант, калі ён нам найбольш патрэбны», – кажа дырэктар праекту аб ядравых пытаннях, супрацоўніца Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў Гэдэр Уільямз.

Згодна з апошнімі звесткамі, у ЗША і Расеі – адносна роўная колькасць розных відаў разгорнутых і неразгорнутых стратэгічных узбраенняў: ракеты-носьбіты і пускавыя сістэмы. Нават існага арсеналу дастаткова, каб некалькі разоў сцерці з мапы свету абедзве краіны. Таму сутнасць дамовы СНУ – нават не столькі ў кантролі колькасці, колькі ў транспарэнтнасці таго, як той ці іншы бок мадэрнізуе сваю стратэгічную зброю, адзначае эксперт ва ўзбраеннях Мікалай Сокаў.

«Што адбудзецца хутчэй за ўсё і ў чым вялікая небяспека таго кроку, які зрабіла Расея? Тое, што зніжаецца ўзровень празрыстасці. Кожны бок будзе нашмат менш ведаць аб тым, што робіць іншы. А ў сітуацыі нявызначанасці зразумела, што ўсё плануецца, усе рашэнні прымаюцца з горшага варыянту развіцця падзей».

Сокаў дадае, што прыпыненне дамовы можа вярнуць свет у эпоху нявызначанасці, страху, гонкі ўзбраенняў, што існавала ў найцяжэйшы гады халоднай вайны. У сваю чаргу Гэдэр Уільямз кажа:

«Прыпыненне Пуціным новай Дамовы СНУ – гэта частка больш шырокай тэндэнцыі. Гэта ўзор паводзінаў. Пуцін – ядравы хуліган. Гэта апошні крок ядравага хулігана. З першага дня ўварвання Расеі ва Украіну мы бачым, што ён выступае з ядравымі пагрозамі. Ён казаў пра важнасць ядравага арсеналу Расеі. Ён наўмысна павялічвае ядравыя рызыкі ў надзеі пазбегнуць падтрымання NATO і Захаду».

Ці варта пасля спынення дзеяння дамовы СНУ чакаць некантраляванага росту арсеналаў? Паводле Мікалая Сокава:

«Стратэгічны баланс вельмі ўстойлівы. Так што мы вядома ўбачым змены, але да гэтага павінна прайсці некалькі гадоў. У найбліжэйшай будучыні ўласна кажучы, нічога не зменіцца акрамя палітычнай сітуацыі. А вось гадоў праз 5 мы ўбачым. Я наогул не бачу, шчыра кажучы, падстаў, каб у цяперашні час ужывалася ядравая зброя».

Здольнасць Расеі мадэрнізаваць свае стратэгічныя ўзбраенні ва ўмовах санкцыйнай рэальнасці выклікае сумневы спецыялістаў з ЗША. Летам мінулага года Масква не выдала дазволаў амерыканскай дэлегацыі агледзець свае ядравыя абʼекты. Амерыканскія інспектары звязвалі гэты крок з негатовасцю расейскай стратэгічнай зброі да карэктнага функцыянавання. Вайсковы эксперт Раман Світан кажа:

«Украінскія інжынеры, украінскія заводы, “Піўдэнмаш” адмовіўся аднаўляць і весці ўтрыманне гэтых ракетаў. Без гэтай падрыхтоўкі, без гэтага інжынернага суправаджэння расейскія носьбіты проста робяцца непрыдатнымі. Запаралеліць выпуск ракетаў, як выпускалі на “Піўдэнмашы” тыпу “Сатаны” (СС-20), яны проста не могуць».

Два дні таму, калі Джо Байдэн быў у Кіеве, Крэмль зладзіў чарговыя выпрабаванні сваёй самай сучаснай міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Сармат», што здольная несці адразу некалькі ядравых боегаловак. Выданне «CNN» са спасылкаю на амерыканскіх чыноўнікаў паведамляе: запуск, відавочна, праваліўся. Ускосна гэта пацвярджаецца і тым, што ва ўчорашняй прамове Пуцін ані словам не згадаў стратэгічных выпрабаванняў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»