Грошы ў трубу: як у Маладзечне жывуць без каналізацыі?


Двухпавярховы дом №10 на вуліцы Першамайскай у Маладзечне пабудавалі больш за 60 гадоў таму. Верагодна, як часовае жытло, без выгодаў. Але людзі там жывуць дасюль. Часткова – без вады, без цэнтральнага ацяплення і без каналізацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мясцовыя ўлады на настойлівыя просьбы жыхароў дому развязаць іхную праблему прапанавалі заплаціць па 7 000 долараў з кватэры. Маўляў, за гэтыя грошы каналізацыйныя трубы працягнуць да дзіцячага садка, што далей на вуліцы Першамайскай.

«За 30 гадоў ніхто нічога не зрабіў, а цяпер мы мусім знайсці гэтыя 7000 долараў. Мы не пацягнем, мы – пенсіянеры, гэта шалёныя грошы. Нават калі хтосьці збярэ: а што рабіць з тымі, хто не жыве ці прадае кватэру? У доме пяць пустых кватэраў. Дык што, выходзіць, мы камусьці каналізацыю аплацім?», – паскардзіліся жыхары дому № 10.

Каб высветліць, адкуль з’явіліся такія сумы, мы звярнуліся ў Маладзечанскі райвыканкам. У аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі выслухалі праблему, але там заявілі, што гэтае пытанне не ў іхнай кампетэнцыі:

«У любым выпадку за тлумачэннем сумы разлікаў вам трэба звяртацца ў КУП «Маладзечнаводаканал», калі вы вырашылі, што будаўніцтва будзе праводзіць дадзеная арганізацыя. Калі вы не згодныя, можаце знайсці нейкую іншую арганізацыю. Можа там будзе крыху танней».

У «Маладзечнаводаканале» паведамілі, што ўжо ведаюць пра гэты дом і праблемы яго жыхароў, і патлумачылі: каб падлучыць пабудову да каналізацыі, трэба не толькі працягнуць трубы, але і пабудаваць адмысловую помпавую станцыю. Бо ўхілу рэльефу ў гэтым месцы недастаткова. Вада без помпаў не пацячэ.

«Бясплатна, як вы хочаце, не будзе. А колькі будзе на кожны дом, на кожную кватэру – вызначыць толькі каштарыс. Я вам гэтага сказаць не магу. Адкуль там такія лічбы зʼявіліся – 7000 долараў – не ведаю», – распавяла адмыслоўца з водаканалу.

Тое, што «бясплатна не будзе», прадугледжвае 488-мы ўказ Лукашэнкі. У дакуменце прапісана, што ўласнікі жытла павінны плаціць не толькі за падлучэнне да сетак каналізацыі, але і кампенсаваць выдаткі на іх будаўніцтва. Але нават калі жыхары 10-га дому ўсё ж такі знойдуць сродкі, каб заплаціць, толькі для іх трубаў весці не будуць, адзначылі ва ўстанове.

«Усе гэтыя выдаткі, звязаныя з падвядзеннем каналізацыі, даўно аплачаныя мясцовымі жыхарамі праз падаткі. Уласна мясцовыя ўлады проста спрабуюць сарваць з вас дадатковыя грошы», – падкрэсліў кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Журналістка і маладзечанка Зоя Хруцкая мяркуе, што чыноўнікі не зацікаўленыя ў паляпшэнні жыллёвых умоваў людзей на Першамайскай. Каб гэта зразумець, дастаткова зірнуць у генеральны план развіцця Маладзечна, дзе менавіта гэты раён ніяк не згадваецца.

«У перспектыве лічыцца, што гэтыя дамы будуць неяк перабудаваныя, гэтыя месцы будуць перабудаваныя. Дык навошта ўкладаць грошы ў рамонт, у пракладанне каналізацыі, каб забяспечыць людзей нармальнымі ўмовамі жыцця цяпер, калі праз 20 гадоў гэтыя дамы пойдуць пад знос. І там будуць будаваць штосьці новае», – адзначыла Зоя Хруцкая.

На думку Зоі Хруцкай, людзям не варта чакаць цудаў ад чыноўнікаў, а трэба паклапаціцца пра свае жыллёвыя ўмовы самастойна. А вось 42% нашых гледачоў у праведзеным намі апытанні прапанавалі іншы варыянт: штодня ўсім жыхарам дому разам прыходзіць у прыбіральню райвыканкаму. 32% мяркуюць, што гэтым асобам трэба прыносіць да будынку мясцовых уладаў вёдры з фекаліямі. 20% выступілі за тое, каб адмовіцца плаціць камуналку. Варыянт заплаціць з уласнай кішэні падтрымалі толькі 2% гледачоў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»