«Рэферэндум»: датэрміновае галасаванне пачалося


Пачалося датэрміновае галасаванне на так званым канстытуцыйным рэферэндуме.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паважаныя назіральнікі, зафіксуйце», – гаворыць на камеру чалец камісіі на відэа ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, паказваючы скрынку для галасавання.

Фіксаваць ужо ў першы дзень датэрміновага галасавання ёсць што, але на гэтым камісія ўвагу не акцэнтуе. Кабінкі для галасавання на шэрагу ўчасткаў не толькі без фіранак, як загадала ЦВК, але і павернутыя такім чынам, каб усе дзеянні ўдзельніка галасавання былі відаць.

«Выбарчы кодэкс прадугледжвае таемнае галасаванне. Гэта значыць, што кожны чалавек мае права выражаць сваё меркаванне, то бок адным крыжыкам ці двума, як прапануюць дэмакратычныя сілы: тайна і без ніякай адказнасці», – кажа назіральнік на прэзідэнцкіх выбарах у 2020-м годзе Цімафей Малахоўскі.

Не забяспечыўшы таямніцы галасавання, выбарчыя камісіі парушаюць закон, падкрэслівае Цімафей Малахоўскі. Але з участкаў чуем іншае:

«Усё ідзе ў штатным рэжыме, парушэнняў ніякіх асабіста я не выявіла», – кажа на камеру на відэа ў тым жа праўладным канале жанчына з выбарчага ўчастку на Берасцейшчыне.

Фальсіфікацыя вынікаў галасавання ў Беларусі ўжо добра адпрацаваная. І, паводле назіральнікаў, менавіта масавае датэрміновае галасаванне – адзін з асноўных яе механізмаў.

«Па ацэнках назіральнікаў на мінулых выбарах звесткі аб датэрміновым галасаванні завышаліся ў разы, і няма сістэмы кантролю над скрынкамі, якія захоўваюцца ўначы: незразумела, дзе. І тое, што ў іх знаходзіцца, па выніку выклікае вялікія сумневы», – кажа адмысловы прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у выбарах Аляксандр Шлык.

Праваабаронцы паведамляюць, што датэрмінова і наўрад ці з уласнай волі ўжо прагаласавалі зняволеныя на менскай «хіміі» ды футбалісты берасцейскага «Дынама».

«Ва ўніверсітэтах просяць куратараў правесці індывідуальную гутарку са студэнтамі для забеспячэння датэрміновага галасавання. Прычым гутаркі маюць быць толькі асабістыя, каб не было магчымасці «зліваць» ліставанне. Тых, хто не выконвае ўказанняў, будуць адсочваць, будуць рабіцца захады…», – паведамляюць нам гледачы.

Не галасаваць датэрмінова – самы бяспечны спосаб выказаць сваю нязгоду з тым, што адбываецца, падкрэсліваюць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Але дзеяць можна ўжо цяпер.

«Незалежныя назіральнікі абвешчаныя па-за законам, пры гэтым кожны беларус можа стаць грамадзянскім кантралёрам і фіксаваць парушэнні на ўчастках. Для гэтага зарэгіструйцеся ў чат-боце ZUBR, прайдзіце кароткае навучанне, каб разумець што з’яўляецца парушэннем і што рабіць калі вы сталі іх сведкам», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «Зубр» Павел Марыніч у адмысловым роліку, які падрыхтавалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.

Апроч гэтага, у плане дзеянняў, прапанаваным дэмакратычнымі сіламі, – удзел у апытанні на платформе «Голас», распаўсюд інфармацыі пра парушэнні ды знаёмства з прадстаўнікамі камісіяў на сваім участку. У дзень жа галасавання…

«Памятайце, мы не ўдзельнічаем у датэрміновым галасаванні. Наша мэта абʼяднацца і ўбачыць адзін аднаго ў адзін час у адным месцы», – тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Для гэтага прапануюць прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў дзень асноўнага галасавання, 27-га лютага, а 14-ай гадзіне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»