Ці будуць новыя санкцыі?


«Агулам я лічу, што ў спісе павінны быць каля 400-500 чалавек. Каб туды трапілі не толькі сілавікі і чыноўнікі, каб туды патрапілі таксама прапагандысты, каб трапіў шырокі склад выбарчых фальсіфікатараў», – кажа Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы.

Меркавана, пад санкцыі патрапяць асобы, датычныя да нядаўняй атакі на Беларускую асацыяцыю журналістаў і праваабарончыя арганізацыі, калі цягам аднаго дня сілавікі правялі больш за 90 ператрусаў па ўсёй краіне, а таксама следчыя, суддзі і пракуроры, якія спрычыніліся да вынясення палітычных прысудаў. Напрыклад, памочніца пракурора Аліна Касьянчык ды суддзя Наталля Бугук, якая пакарала нашых калег, журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, двума гадамі калоніі.

Памочніца пракурора Аліна Касьянчык запатрабавала для журналістак па 2 гады пазбаўлення волі. Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: Белсат

«Імёны, якія трапляюць у візавыя спісы, мы лічым, безумоўна, мусяць быць публічнымі. Таму што справа ня толькі ў візавых абмежаваннях, справа ў тым, каб ім было сорамна ў гэтыя спісы патрапляць, каб семʼям ці сябрам было сорамна з такою асобаю кантактаваць ці сябраваць», – працягвае Вячорка.

Аднак пакуль, паводле некаторых адмыслоўцаў, санкцыі выглядаюць хутчэй актам салідарнасці з боку краінаў Захаду, чымся рэальным інструментам уплыву на беларускі рэжым. Паводле Святланы Ціханоўскай, санкцыі ў цяперашнім выглядзе, – гэта «насмешка».

На нізкую эфектыўнасць санкцыйных захадаў звяртае ўвагу і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Санкцыі могуць мець пэўны эфект на кароткі тэрмін. Як толькі яны зацягваюцца і бізнесоўцы, і дзяржавы, і дыктатарскія рэжымы знаходзяць шляхі абыходу гэтых санкцыяў пра з кантрабанду і чорны рынак».

У тры папярэднія санкцыйныя спісы Еўразвязу трапілі 84 службовыя асобы, звязаныя з фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў і падаўленнем мірных пратэстаў, а таксама 7 юрыдычных асобаў. Да таго ж асобныя санкцыйныя спісы падрыхтавалі Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Вялікая Брытанія і краіны Балтыі.

Алесь Баразенка, «Белсат»