«Сяброўская сустрэча» Пуціна і Лукашэнкі


«Няма ніводнага дня, каб нашыя калегі не размаўлялі між сабой», – казаў Пуцін Лукашэнку.

«Я ўдзячны за падтрымку, якую вы аказваеце эканоміцы Беларусі. Мушу вас праінфармаваць, што гэта не дарма. Грошы не выкінутыя на вецер», – запэўніваў Лукашэнка Пуціна.

Пасля гадзіны перамоваў пра сумесныя прадпрыемствы, фінансавую палітыку і паглыбленую інтэграцыю Лукашэнка і Пуцін пайшлі катацца на лыжах і на снегамабілях. Афіцыйныя вынікі перамоваў – пераважна заявы аб значэнні стратэгічнай супрацы і ранейшых праектаў. Дарожных мапаў інтэграцыі Расеі і Беларусі, паводле Лукашэнкі, засталося яшчэ 6-7 недапрацаваных. Хаця яшчэ напрыканцы 2019-га года Дзмітрый Мядзведзеў у тым жа Сочы заяўляў, што не ўзгодненыя ўсяго тры дарожныя мапы – пра наднацыянальныя органы кіравання, адзіную валюту і эмісійны цэнтр, то бок дзе тую валюту друкаваць.

Вось што кажуць пра візіт жыхары Бабруйску.

«Пуціну трэба Беларусь, а Лукашэнку трэба грошы».

«А што ён без Расеі зробіць? Калі яго Расея не будзе падтрымліваць, то ўсё».

«Сховішча Лукашэнку ад Пуціна трэба. А Пуціну – каб Лукашэнка падпарадкоўваўся загадам, якія ідуць з Расеі».

Лукашэнка і Пуцін у Сочы.
Фота: president.gov.by

Ці мусіць Масква падтрымліваць Лукашэнку? «Белсат» апытаў расейцаў – жыхароў Кемерава.

«Беларусь мусіць падтрымліваць. А Лукашэнку – хрэн яго ведае, ён цёмны таварыш».

«Калі дапамагаць з ваеннага пункту гледжання, то, мне падаецца, трэба».

«Калі такія беспарадкі будуць, то Пуцін і АМАП туды пашле, без усякага сумневу».

Да сустрэчы з Пуціным Лукашэнка правёў істотную дэманстрацыю лаяльнасці Расеі на Ўсебеларускім народным сходзе, нагадвае палітолаг Валер Карбалевіч:

«Тут і адмова ад нейтралітэту, і адмова ад дыверсіфікацыі замежнаэканамічнай дзейнасці, і заявы пра гатоўнасць памерці за Расею».

А ў гэтую пятніцу ў Маскве беларускія ўрадоўцы падпісалі пагадненне аб пераходзе на экспарт нафтапрадуктаў праз расейскія парты – замест балтыйскіх. І паабяцалі зрабіць тое самае з экспартам калійных угнаенняў, хоць гэта і падвышае кошт тавараў.

Сёння ж у Сочах адбылася рэвізія дамоўленасцяў, дасягнутых там жа 14 верасня, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

«Тады Пуцін падштурхоўваў Лукашэнку да механізму транзіту ўлады. І Лукашэнка пагадзіўся, і транзіт мусіў быць за кароткі тэрмін. Цяпер, калі Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе прадэманстраваў сваю дарожную мапу, яна моцна адрознівалася ад таго, што было ў Сочы».

То бок ці не супраць Пуцін таго, што Лукашэнка застанецца фактычным кіраўніком Беларусі, толькі фармальна змяніўшы пасаду гадоў праз 5?

«Лукашэнка надалей працягвае адмаўляць рэчаіснасць. Для мяне гэта дакладны знак, што рэпрэсіі будуць працягвацца, і яму ніхто не прапануе ў Сочы план дэмакратызацыі Беларусі», – пракаментаваў «Белсату» візіт Пятрас Аўштравічус, пастаянны спавяшчальнік Еўрапарламенту ў справе Беларусі.

Пуцін будзе наўпрост умешвацца ў беларускія падзеі, бо Беларусь для Расеі мае вялікае палітычнае значэнне, кажа Пятрас Аўштравічус:

«На сёння мы не можам адкідваць ніводнага сцэнару. Ні мяккага, ні больш ваеннага ўмяшальніцтва».

Як падкрэслівае прадстаўнік Еўрапарламенту, у першую чаргу гэта перамовы двух аўтакратаў, сярод якіх слухае і просіць менавіта Лукашэнка.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».