Лава падсудных не пустуе


У Менску адбылося чацвёртае паседжанне суда над Віктарам Бабарыкам. Сёння пракуроры дачытвалі абвінавачанні ў дачыненні фігурантаў «справы «Белгазпрамбанку». Былое кіраўніцтва банку абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

«Сёння мы можам толькі кіравацца нашымі высновамі, якія былі зробленыя намі на следстве пасля чытання матэрыялаў. Гэтыя высновы ўжо не раз агучаныя: мы не бачым доказаў таго абвінавачвання, якое было агучанае», – кажа адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі.

Працягваецца і іншы гучны працэс: у сталіцы судзяць журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і доктара больніцы хуткай медычнай дапамогі Арцёма Сарокіна ў справе аб «нуль праміле». Сёння паказанні даваў сведка – доктар, які лячыў Рамана Бандарэнку. Паседжанне зноў прайшло ў закрытым рэжыме, тым не менш людзі сабраліся ля Дому правасуддзя, каб падтрымаць абвінавачаных.

«Спадзяванні толькі на Бога і на тое, што ўсё ж такі будзе нейкае паразуменне. Але хто ж яго ведае? Можа, знойдуцца людзі сярод гэтай судовай сістэмы, якія возьмуць на сябе адказнасць не дапусціць такіх неразумных рашэнняў», – спадзяецца Тамара Крычко, якая прыйшла падтрымаць абвінавачаных.

Істэрыка, кіданне на краты з крыкам «Выпусціце мяне адсюль!» – так 17-гадовы Мікіта Залатароў, які хварэе на эпілепсію, адрэагаваў на прысуд – 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі». Разам з падлеткам у гомельскім судзе абвінавацілі яшчэ дваіх фігурантаў справы: Дзмітрыя Карнеева пазбавілі волі на 8 гадоў. Леаніда Кавалёва пакаралі шасцю гадамі калоніі. Іх усіх вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»).

Дзмітрый Карнееў (злева) і Мікіта Залатароў.
Фота: svaboda.org

«Мы ў любым выпадку будзем падаваць апеляцыйную скаргу. Нашая пазіцыя была апраўдальная з адной простай прычыны. Усе казалі пра тое, што ў майго падабароннага была бутэлька. Гэтая бутэлька ёсць зброяй і ёсць «кактэйлем Молатава». Па сутнасці, як і абвясціў сёння суд. Але гэтая бутэлька не выяўленая, не ўстаноўленая. І якая вадкасць была ўнутры, ніякая экспертыза гэтага не выявіла, таму няма сродку здзяйснення злачынства», – упэўнены адвакат Мікіты Залатарова Сяргей Красноў.

На лаве падсудных у Віцебску – хворы на анкалогію Уладзімір Малахоўскі. 54-гадовага мужчыну вінавацяць у гвалце і пагрозе гвалту ў дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў: Качыхіна, Пазнякова, Емяльянава.

«Я проста ў шоку ад таго, што на яго хочуць паклёпнічаць! Я так здзіўленая: такія здаровыя бугаі – і на яго, такога хворага, худзенькага, хочуць узвесці паклёп. Ні за што! І грошай яшчэ патрабуюць», – дзеліцца жонка Уладзіміра Ірына.

Нібыта пацярпелы міліцыянт Юрый Качыхін прызнаўся, што ўдараў яму Малахоўскі не наносіў і болю ад ягоных дзеянняў ён не адчуў, але ўсё роўна патрабаваў з абвінавачанага тысячу рублёў кампенсацыі. Судовы працэс працягнецца заўтра.

Каця Малей, «Белсат»