«Паўночная Беларусь»: у краіне пачасціліся выпадкі публічных судоў


У Беларусі павялічылася колькасць публічных затрыманняў і судоў. У асноўным гэта датычыць падлеткаў, якія праходзяць па трыста дваццаць восьмым, наркатычным, артыкуле. Наколькі такія дзеянні законныя і што агульнага ў практыках рэжыму Лукашэнкі і Паўночнай Карэі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Такі прысуд пагражае шаснаццацігадоваму падлетку з Гомля за распаўсюд і збыт наркотыкаў у складзе арганізаванае групы. Непаўналетняга затрымалі ў актавай зале аднаго з аддзяленняў міліцыі – на вачах у навучэнцаў мясцовых каледжаў і школаў.

«Увогуле, на жаль, гэта законна – такія выязныя паседжанні. Але тут варта адзначыць, што гэта можа парушаць права недатыкальнасці прыватнага жыцця асобы, бо раскрываюцца падрабязнасці ейнага жыцця перад цэлым калектывам», – кажа сябра рады Моладзевага блоку, прадстаўнік руху «Legalize Belarus» Даніла Лаўрэцкі.

Напярэдадні паводле таго ж самага артыкулу публічна ўзялі пад варту сямнаццацігадовага школьніка баранавіцкага каледжу. Яшчэ раней на дзесяць гадоў калоніі за незаконны абарот наркотыкаў асудзілі пятнаццацігадовага школьніка. У зале суда, зазначаюць выданні «gorod214.by» і «Наваполацк сёння», прысутнічалі непаўналетнія гледачы. Паводле руху «Legalize Belarus», прыкладна кожныя тры дні паводле артыкулу трыста дваццаць восем затрымліваюць аднаго падлетка. Агулам жа за 2021 год паводле яго былі асуджаныя 1980, з іх – восемдзесят чатыры непаўналетнія.

«Мы фіксавалі і кейсы, калі людзей збівалі, калі прымушалі даваць паказанні, калі рабілі агляды тэхнікі і агляды маёмасці без дазволу. І бываюць кейсы, калі вязняў даводзяць у калоніях да суіцыду», – распавядае Лаўрэцкі.

Публічна ў Беларусі судзяць не толькі паводле наркатычных артыкулаў, але і за ўхіленне ад вайсковай службы ды распаўсюд нацысцкай сімволікі. Далей зайшла толькі Паўночная Карэя: днямі там прайшоў публічны працэс над двума шаснаццацігадовым падлеткамі. За прагляд і распаўсюд паўднёвакарэйскіх фільмаў, музыкі і кліпаў іх прыгаварылі на дванаццаць гадоў катаргі.

«Такія публічныя затрыманні і пакаранні – класічная схема для аўтарытарных рэжымаў. Уладам гэтых рэжымаў трэба паказаць: мы ўсё, маўляў, кантралюем, мы будзем сачыць за ўсім, што адбываецца. І калі раптам вашае меркаванне хаця б крыху адрозніваецца ад лініі нашай партыі – вось што можа быць», – зазначае палітычная аглядальніца Таццяна Ашуркевіч.

Сяргей Карпеня на выязным судовым паседжанні. Скрыншот: тэлеканал «Беларусь-4. Брест»

Паслухмяных дарослых выхоўваюць з дзяцей і ў спецыяльных вайскова-патрыятычных клубах, што летась актыўна пачалі адкрывацца пры вайсковых і міліцэйскіх структурах, школах і нават дзіцячых садках. Мінулай восенню Генпракуратура Беларусі ініцыявала і адкрыццё цэнтру рэабілітацыі для падлеткаў з наркатычнай ці алкагольнай залежнасцямі. Там, паводле чыноўнікаў, непаўналетнія цягам шасці-дванаццаці месяцаў будуць атрымліваць медычную і псіхалагічна-педагагічную дапамогу.

«Вельмі сумняваюся, што будзе іншы падыход, акрамя таго, як ізаляваць, акрамя прымусовых захадаў. Такая ізаляцыя дазволіць пазбегнуць нейкіх правапарушэнняў з боку тых, хто ізаляваны. Але калі казаць пра лячэнне, рэабілітацыю – ёсць вялікія сумневы», – кажа доктар, праваабаронца Васіль Завадскі.

Тых падлеткаў, якія, на думку рэжыму, патрыятычнаму перавыхаванню ці лячэнню не падлягаюць, накіроўваюць у спецустановы закрытага тыпу – іх у Беларусі чатыры. Прычым летась чыноўнікі спрасцілі ўмовы трапляння туды: цяпер для гэтага хопіць парушыць закон адзін раз – тады як раней трэба было мець прынамсі чатыры адміністратыўныя справы.

Наста Печанькова, «Белсат»