Крадзяжы сталіся найчасцейшымі злачынствамі ў Беларусі


Нізкі ўзровень жыцця і алкаголь – вось асноўныя прычыны злачынстваў у нашай краіне. Такую выснову можна зрабіць з афіцыйнай статыстыкі крымінальных злачынстваў, якую хаваюць улады і якую атрымала і апублікавала ініцыятыва былых сілавікоў «BELPOL». Якія самыя распаўсюджаныя злачынствы ў Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за 85 000 крымінальных справаў завялі сілавыя структуры Беларусі ў 2023 годзе. Гэтыя дадзеныя звычайна не трапляюць у публічнае поле, але ініцыятыва былых сілавікоў «BELPOL» атрымала сакрэтную інфармацыю і падзялілася ёю з грамадскасцю.

«Так склалася ў дзяржаве нашай, як і ў многіх сферах, не любяць раскрываць негатыўных момантаў, бо там жа відаць ужо, якая колькасць забойстваў у нас, іншых цяжкіх злачынстваў. Гэта заўсёды хавалася, заўсёды людзі лічылі, што Беларусь – гэта такая ціхая гавань, дзе нічога не адбываецца. Але гэта не так. І гэтага не любяць паказваць», – кажа прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Андрэй Астаповіч.

Абсалютна большую частку крымінальных справаў – 96 % – завёў Следчы камітэт. Самыя распаўсюджаныя злачынствы звязаныя з крадзяжом маёмасці – гэта пакража, крадзеж пры дапамозе камп’ютарнай тэхнікі і махлярства. Агульная сума матэрыяльнай шкоды ад усіх злачынстваў склала Br 318 879 400.

Большасць злачынстваў – 72,3 % – вызначаныя як менш цяжкія. І толькі 12,9 % – як цяжкія і больш цяжкія. У выніку ўсіх леташніх злачынстваў 673 асобы загінулі і 135 былі параненыя.

Затрыманне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне.
Фота: Ohrana.gov.by

«Большасць гэтых злачынстваў робяцца на фоне злоўжывання алкаголю і з гэтых прычынаў, праз злоўжыванне алкаголю. Менавіта вось. Забойства крымінальнага характару адсеяць – і астатняе ўсё – гэта бытавуха на фоне злоўжывання алкаголю», – тлумачыць прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Андрэй Астаповіч.

Пад уздзеяннем алкаголю здзейсненая 46,3 % злачынстваў. Калі акрэсліць партрэт злачынцы, у большасці выпадкаў гэта асоба ад трыццаці гадоў, якая нідзе не працуе і не навучаецца і ўжо мае судзімасць.

Агучаныя «BELPOL» звесткі – толькі вяршыня айсбергу. Неўзабаве сілавікі, якія выбралі бок народу і справядлівасці, абяцаюць апублікаваць лічбы палітычных рэпрэсіяў, што не сціхаюць у Беларусі вось ужо чацвёрты год.

Аліна Скрабунова, «Белсат»