Беларуская рада культуры атрымала два мільёны еўраў на фінансаванне культурніцкіх праектаў


Абяцаюць падтрымаць творцаў як у Беларусі, так і за яе межамі. На якія праекты пойдуць грошы ды як яны будуць размеркаваныя?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У гэтым снежні мы зацягнем вас у нашае балота» – такім чынам вольная тэатральная група «Купалаўцы» запрашае гледачоў на спектакль «Сфагнум» паводле раману Віктара Марціновіча. Мы завіталі на рэпетыцыю за дзень да прэм’еры.

Квіткі на «Сфагнум» у пастаноўцы рэжысёра Аляксандра Гарцуева разляцеліся за дзве гадзіны. Спектакль ставяць на гасціннай сцэне Драматычнага тэатру ў Варшаве. Але пабачыць яго можна адусюль: 22-га снежня а 21-ай гадзіне на Youtube-канале «Купалаўцаў» пройдзе традыцыйна бясплатная онлайн-трансляцыя. Пры жаданні можна падтрымаць праект праз платформу «Destrym».

«Сучасны аўтар. Па-другое, камедыя бандыцкая, досыць цікавая, гэткія “Карты, грошы, дзве рулі” на беларускі манер. Там як хлопцы шукаюць 1 мільён баксаў, які згубілі», – кажа вольны купалавец Алег Гарбуз.

«Сфагнум» стаўся ў «Купалаўцаў» пятым поўнафарматным спектаклем з жывою прэм’ераю за год. Пастаноўка сталася магчымаю дзякуючы фінансаваму падтрыманню Інстытуту імя Гётэ. Вольны купалавец Алег Гарбуз лічыць:

«На культуру ў нашай краіне ніколі не выдаткоўвалі багата грошай, вядома, што культура ў эміграцыі – яшчэ цяжэй. Як знайсці тое, чаго няма ў прынцыпе? Але, думаю, мы дамо рады нейкім чынам».

Каб больш беларускіх творцаў мелі магчымасць займацца культураю, паўстаў праект «ArtPower Belarus». У яго межах Беларуская рада культуры будзе размяркоўваць фінансавую дапамогу – 2 мільёны еўраў, што атрымала ад Еўразвязу.

«Культура і культурная палітыка – гэта не тое, што па астаткавым прынцыпе павінна фінансавацца, але гэта павінна быць адным з прыярытэтаў ці нават не галоўным прыярытэтам, бо культура – гэта тое, што застанецца, калі нас не будзе», – тлумачыць распрацоўніца праекту «ArtPower Belarus» Таццяна Пашавалава.

«ArtPower Belarus» стаўся магчымы дзякуючы падтрыманню Дацкага інстытуту культуры. Менавіта ён падпісаў кантракт з Еўразвязам на вылучэнне грошай і будзе адказваць за празрыстасць ды фінансавае кіраванне праекту.

Мэс Эстэргор, часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі і Украіне лічыць, што «выгнанне і тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, – гэта выклік. Гэта стварае складанасць мастакам і работнікам культуры. Мы гэта ўсведамляем і спрабуем адказаць на гэты выклік».

Рада культуры збіраецца падтрымаць тры тыпы дзейнасці:

– малыя і вялікія культурніцкія праекты, якія могуць прэтэндаваць на 5 і 50 тысяч еўраў адпаведна;

– мабільнасць творцаў, то бок забеспячэнне розных выездаў – на фестывалі ці на навучанне;

– а таксама нэтўоркінг – правядзенне сустрэчаў ды імпрэзаў, на якіх можна абмеркаваць выклікі ды яшчэ мацней аб’яднацца.

На фінансаванне могуць прэтэндаваць як тыя, хто зʼехаў, гэтак і тыя, хто застаўся ў Беларусі. Хаця падтрымаць апошніх будзе асабліва няпроста. Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін нагадвае:

«Той патэнцыял, які выспявае там і ляжыць у шуфлядах, тое, што ствараецца ў турмах і нязначны працэнт чаго даходзіць да нас, – гэта ўжо дае разуменне, што працэс ідзе. І спыніць яго ніякімі гвалтоўнымі метадамі проста немагчыма».

Для кансультацыі творцаў у справе падачы на грант Рада стварае віртуальны і рэальны рэсурсныя цэнтры: яны паўстануць ужо ў наступным месяцы ў інтэрнэце ды ў Вільні адпаведна.

Каб падаць заяўку ў Раду культуры на фінансаванне, трэба быць прадстаўніком сферы культуры, мець уласную ідэю і, самае галоўнае, – ведаць, як яе зрэалізаваць. Першы прыём заявак абяцаюць правесці ўжо пад канец студзеня.

Аліна Скрабунова, «Белсат»