У Беларусі чакаюць тэрактаў


«Падобна на “дагаварняк”». Так пракаментаваў праз тыдзень інцыдэнт з прылётам ракеты на тэрыторыю Польшчы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Удмурціі. Дыктатар упэўнены, што ракета, якая ўпала ў Пшэводаве, была ўкраінскай, а ўлады Польшчы мусяць адказаць перад сваім народам, чаму загінулі людзі. А тым часам у МАгАтЭ і Расеі заяўляюць аб небяспецы ядравай катастрофы на Запарожскай АЭС.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларуска-ўкраінскае памежжа ў чаканні эскалацыі. З боку Беларусі мяжа ўмацаваная асабовым складам міліцыі. Пра гэта паведаміў так званы міністр унутраных справаў нашай краіны Іван Кубракоў. Чыноўнік чакае тэрактаў і, спасылаючыся на ГУБАЗіК, паведамляе, што на баку Украіны ваююць 160 беларусаў.

«Задачы пастаўленыя дакладна. Калі нехта паспрабуе, асабліва што да тэрарыстычных актаў, учыніць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як я казаў ужо раней, калі мы праводзілі вучэнні, гэтыя злачынцы будуць знішчаны», – кажа Кубракоў.

На думку Кубракова, тэрарыстычныя акты могуць рыхтаваць беларусы, якія выехалі з краіны пасля падзеяў 2020 года. У сваю чаргу ў Галоўным упраўленні выведкі Украіны заявілі, што ўчыніць тэракты ў Беларусі плануюць расейскія спецслужбы. Адной з галоўных мэтаў называюць Беларускую атамную станцыю ў Астраўцы. Вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка лічыць падобныя сцэнары дастаткова верагоднымі:

«Пагроза таго, што на нейкім аб’екце стратэгічнага значэння, крытычнага значэння ў Беларусі можа быць рэалізаваны вось такі тэрарыстычны акт, не выключаецца зусім. Асабліва з улікам таго, што на сёння на тэрыторыі Беларусі прысутнічае не толькі вялікая колькасць расейскіх вайскоўцаў, але прысутнічаюць прадстаўнікі расейскіх сілавых структур, спецслужбаў, ГРУ, ФСБ, знешняя выведка і іншыя».

А ў Валынскай вобласці Украіны людзям забаранілі набліжацца да мяжы з Беларуссю бліжэй чым на 2 кіламетры.

«Цяпер каналы зносін перакрыты. Лініі паведамлення знішчаныя. Масты падарваныя, дарогі замініраваныя. Наогул проста капітальна. Лесапалосы замініраваныя супрацьтанкавымі і супрацьпяхотнымі мінамі. Вожыкі расстаўлены. Засады нашых ваенных стаяць. Нашыя ваенныя часці таксама там разгорнутыя», – распавядае былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

Гэткае ўзмацненне памежнай зоны адбываецца нягледзячы на тое, што на тэрыторыі Беларусі не назіраецца фармавання вайсковага кантынгенту, адзначае эксперт Аляксандр Каваленка:

«Але фармаванне гэтай ударнай групоўкі можа пачацца ў любое імгненне. І праз тыдзень, і праз месяц. Небяспека гэтага вельмі вялікая».

Але зʼяўляецца інфармацыя пра перапрафіляванне некаторых беларускіх прадпрыемстваў пад ваенныя мэты.

«”Гомсельмаш” стане адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў у рэгіёне, зарыентаваным на рамонт расейскай вайсковай тэхнікі. Падобная пераарыентацыя, акрамя агульных мінусаў ад падтрымкі расейскай хунты, мае доўгатэрміновыя наступствы, ставячы пытанне аб бяспецы грамадзянаў, якія пражываюць у Гомельскай вобласці», – піша арт-дырэктар Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Тым часам сітуацыя на фронце цяжкая. Са словаў Уладзіміра Зяленскага, буйныя баі адбываюцца ў Данецкай вобласці. Сёння ж расейскія войскі чарговы раз абстралялі Херсон. Мясцовыя ўлады паведамляюць аб трапляннях па цывільнай інфраструктуры. Небяспечнаю сітуацыя застаецца на Запарожскай АЭС. Генеральны дырэктар МАгАтЭ Рафаэль Гросі паведаміў аб выбухах паблізу рэактараў:

«Нам чарговы раз пашанцавала, што патэнцыйна сурʼёзнага ядравага інцыдэнту не адбылося. Наступным разам можа не пашанцаваць. Мы мусім зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб упэўніцца, што наступнага разу не будзе».

Пра магчымую ядравую катастрофу ў Запарожжы загаварылі і ў Расеі. Кіраўнік расейскай дзяржкарпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў традыцыйна абвінаваціў ва ўсім Украіну, а рэзалюцыю МАгАтЭ з заклікам вывесці са станцыі войска назваў, цытата, «недапушчальным і неадэкватным дакументам».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»