Больш за 10 тысяч беларусаў знаходзяцца ў небяспецы праз выцек з «Чорнай кнігі Беларусі»


Болей за 10 тысячаў 300 – прынамсі столькі кантактаў мае база інфарматараў «Чорнай кнігі Беларусі». І столькі людзей застаюцца сёння пад пагрозаю затрымання ў Беларусі. Напярэдадні ў праграме «Тыдзень» журналіст Ігар Кулей падрабязна распавёў, як арганізаваная праца люстрацыйнага праекту «Чорная кніга Беларусі» ды чаму стаў магчымы выцек.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта быў не адзін, а адразу шэсць тэлеграм-каналаў. Асноўны – Беларусь. І пяць рэгіянальных – для кожнай вобласці асобна», – патлумачыў Ігар Кулей.

Усе звесткі пра інфарматараў сцякаліся з шасці чат-ботаў у адну адміністрацыйную панэль, ці «адмінку», праз якую адміністратары кантактавалі з людзьмі.

«Але што важна, “адмінка” ведала і запамінала ўнікальны для кожнага карыстальніка “Тэлеграму” ID-нумар. Ён быў прывязаны да кожнага з чатаў. Гэты нумар вельмі важны, ён прывязаны да нумару тэлефона, і змяніць яго можна, толькі змяніўшы нумар тэлефона», – падкрэсліў Ігар Кулей.

Вось гэтыя ўнікальныя ID-нумары, захаваныя разам з усімі нікнэймамі, размовамі і дасланымі файламі, і можна лічыць базаю звестак «Чорнай кнігі», кажа Ігар Кулей. Пры гэтым кіраўнік «Байполу» Аляксандр Азараў яшчэ на мінулым тыдні ў эфіры «Еўрарадыё» назваў існаванне такой базы фэйкам:

«Гэта з ананімных акаўнтаў людзі дасылалі інфармацыю, там не было ніякай базы, базы людзей, якія даюць інфармацыю. Гэта фэйк проста».

Аднак паўтара месяца таму Аляксандр Азараў прызнаваў, што звесткі трапілі ў рукі сілавікоў.

«Канечне, ён нашкодзіў, і людзі былі арыштаваныя, на дадзены момант спецслужбы арыштавалі ўсіх, каго маглі, бо прайшоў ужо нават год. За год яны маглі арыштаваць усіх», – казаў Аляксандр Азараў у пачатку кастрычніка.

Але звесткі пра інфарматараў захоўваюцца, падкрэсліваецца ў расследаванні, і менавіта да іх агент ГУБАЗіКу Артур Гайко як адзін з адміністратараў меў доступ цягам дзесяці месяцаў. Супрацоўнікі «Чорнай кнігі» пры гэтым яшчэ доўгі час пасля зліву інфармацыі ды нават пасля першага расследавання «Белсату» працягвалі супакойваць інфарматараў. У расследаванні прыводзіцца адпаведная перапіска, дзе занепакоенаму інфарматару адказваюць праз некалькі дзён пасля пытання:

«Прывітанне. Мы прынялі захады па перадухіленні наступстваў дадзенага інцыдэнту ўжо працяглы час таму. Калі вы штосьці нам дасылалі, то не хвалюйцеся, вашыя дадзеныя ў бяспецы».

Пры гэтым увесь гэты час ініцыятыва мела доступ да поўнага пераліку людзей, якія пісалі ім, з логінамі ды нікнэймамі, з унікальнымі ID-нумарамі, падкрэслівае Ігар Кулей.

«Гэта дазваляла напісаць большасці з гэтых людзей прыватна, напрыклад, нешта ў стылі “Вітаем вас. З болем у сэрцы паведамляем вам, што агент спецслужбаў Лукашэнкі меў доступ да вашых дадзеных. Мы прыносім вам свае прабачэнні і рэкамендуем вам у гэтай сітуацыі зрабіць тое і тое”. Ці было так зроблена? З таго, што вядома мне, – не было», – адзначае Ігар Кулей.

Вось што на гэты конт у кастрычніку, калі «Белсат» рабіў першае расследаванне пра сілавіка ўнутры «Чорнай кнігі», казаў былы супрацоўнік праекту Даніла Багдановіч. Які прынамсі мог правесці верыфікацыю Гайко.

«Гісторыя жахлівая, але ў тых умовах, у якіх усё тады працавала, гэта, на жаль, стала магчымым. Гэта гісторыя, з якой мы, на жаль, вымушаныя жыць, яна ўжо здарылася, ужо, на жаль, ніяк не выправіць. Усё, што можна зрабіць, гэта працаваць для таго, каб беларусы хутчэй сталі свабоднымі, і палітвязні выйшлі з турмаў», – казаў Даніла Багдановіч.

Аляксандра Раманава, дырэктарка медыясеткі «Інфапойнт», у складзе якой быў і праект «Чорная кніга Беларусі», у эфіры нашага тэлеканалу так патлумачыла маўчанне пра выцек інфармацыі:

«Мы недаацэньвалі гэтую шкоду. Цягам года мы працавалі, развівалі кампанію і не думалі пра тую шкоду, якую магла прынесці гэтая гісторыя».

На мінулым тыдні «Інфапойнт» апублікаваў зварот, у якім рэкамендаваў усім былым інфарматарам «Чорнае кнігі» паклапаціцца пра бяспеку: змяніць нумар тэлефона, выдаліць акаўнт і пакінуць Беларусь. Але пагроза існуе не толькі для тых, хто падаваў звесткі сілавікоў люстрацыйнаму праекту.

«Такую базу кантактаў маюць не толькі ЧКБ. Шмат якія папулярныя беларускія тэлеграм-каналы працуюць і працавалі з інфарматарамі, і кожны з іх павінен усвядоміць, што гэта вялікая адказнасць, трэба нешта зрабіць для бяспекі гэтых людзей», – лічыць галоўны рэдактар REFORM.BY Фёдар Паўлючэнка.

Але і самі інфарматары павінны ўсведамляць, што абсалютнай абароны не існуе, і адказна ставіцца да сваёй бяспекі, падкрэслівае Фёдар Паўлючэнка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»