У Беларусі – дзень таты


Дзяніс і Таццяна Садоўскія стварылі сям’ю шаснаццаць гадоў таму і маюць траіх дзяцей-школьнікаў. Больш як год сужэнцы жывуць у Польшчы, абое працуюць і разам выконваюць хатнія абавязкі.

«Безумоўна, жонка больш аддае часу сямʼі і дзецям, але я таксама не цураюся і таксама дапамагаю заўсёды, калі жонка гэтага патрабуе – або калі нават не патрабуе. Гэта супольная адказнасць. Сямʼя – гэта супольная адказнасць», – лічыць Дзяніс Садоўскі.

Галоўнае для шчаслівага шлюбу – умець дамаўляцца, перакананы Дзяніс. Але ў сучасным свеце семʼяў ствараецца ўсё менш, сярод іншага таму, што сам інстытут сямʼі губляе каштоўнасць. Сёння жанчына можа самастойна выгадаваць дзяцей і не мусіць выходзіць замуж, каб выжыць, нагадвае крызісны псіхолаг Марына Хоміч. Сярод іншых прычынаў…

«Мода на ліберальныя каштоўнасці ў свеце, якая таксама не прадугледжвае сямейных каштоўнасцяў, а скіраваная больш на ўласнае развіццё», – кажа Марына Хоміч.

У Беларусі, паводле афіцыйных звестак, з больш як мільёна семʼяў, што маюць няпоўнагадовых дзяцей, траціна – няпоўныя. Пераважна самотна дзяцей выхоўваюць маці, але й самотных татаў – пяцьдзясят тры тысячы.

Са стасункаў у сямʼі дзеці бяруць у будучае дарослае жыццё мадэлі паводзінаў. І роля бацькі не менш важная, чым роля маці.

«Для хлопчыка тата – гэта такі эталон мужнасці. І тыя стасункі, якія меў тата з мамай, і тыя каштоўнасці, якія падзяляе тата, – усё гэта возьме з сабой у жыццё сын. У той час як для дзяўчынкі тата – вобраз мужчыны, які кладзецца ў аснову выбару будучага партнёра», – кажа Марына Хоміч.

У нашай краіне вядзецца праца дзеля залучэння татаў у выхаванне дзяцей, падкрэсліваюць чыноўнікі. Напрыклад, таты сталі часцей выходзіць у дэкрэтны адпачынак, адзначаў падчас прэс-канферэнцыі на пачатку Тыдня бацькоўскай любові намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў:

«Літаральна 5 гадоў таму, калі пачыналі толькі тэму залучэння бацькаў, казалі, што ў нас адзін адсотак. То сёння ўжо два адсоткі дзяцей у адпачынку да трох гадоў даглядаюць бацькі».

Але выбар, каму з бацькоў даглядаць маленькае дзіця, залежыць не толькі ад традыцыяў, не толькі ад жадання маці ці бацькі. Важны фактар – няроўнасць у аплаце працы мужчыны і жанчыны ў нашай краіне.

«Мужчына ў Беларусі за адную і тую ж працу заўсёды атрымоўвае больш. І калі ў сямʼі вызначаюць, хто пойдзе ў дэкрэтны адпачынак, безумоўна, лагічна ідзе той, хто зарабляе менш, каб сямʼя менш пацярпела ад дэкрэтнага адпачынку», – тлумачыць Дзяніс Садоўскі.

Таты маюць яшчэ і спецыфічныя праблемы. Напрыклад, пры разводзе ў большасці выпадкаў дзіця аддаюць на выхаванне маці, а не бацьку. Калі ж тата выхоўвае дзіця сам – яму складаней звярнуцца па дапамогу да дзяржавы ці сяброў, бо ў нашым грамадстве існуе стэрэатып што жанчына мае быць слабая а мужчына моцны.

«Яму будзе не так лёгка і натуральна, як гэта можа зрабіць жанчына, таму што ў яго няма такога сацыяльнага патэрна, і такія звычкі ў нас пакуль што ў грамадстве не існуюць», – кажа юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Але замест таго, каб у дзень таты звярнуць увагу на праблемы, некаторыя чыноўнікі паспрабавалі ператварыць яго ў праслаўленне Лукашэнкі. Выкарысталі для гэтага дзяцей, якія завучаным тэкстам павіншавалі Лукашэнку з днём бацькі.

Кадэты вайскова-патрыятычнага класу Мухавецкай сярэдняй школы могуць і не ведаць, што чалавек, да якога яны звяртаюцца як да ідэальнага бацькі, не жыве з законнаю жонкаю, мае пазашлюбнае дзіця і, паводле розных сведчанняў, схільны да хатняга гвалту.

Ірына Дарафейчук, «Белсат».