Цёмныя часы: беларусы скардзяцца на адсутнасць асвятлення на вуліцах гарадоў


Вуліцы і двары ў татальнай цемры. Беларусы ўсё часцей скардзяцца на адсутнасць вулічнага асвятлення. Праблема актуальная і для мястэчак, і для абласных цэнтраў. Дзяржынск, Барысаў, Віцебск – спіс можна доўга працягваць. Што хаваецца ў ценю няспраўных ліхтароў – выпадковасць ці недапрацоўкі мясцовых чыноўнікаў?

Шлях дадому – навобмацак. Ну а як інакш, калі на вуліцах вашага гораду ў цёмны час амаль нічога не відаць. На адсутнасць вулічнага асвятлення ўсё часцей скардзяцца жыхары як мястэчак, гэтак і вялікіх гарадоў. Камунальныя службы перакідваюць адказнасць адная на адную.

Ад наяўнасці асвятлення залежыць не толькі камфорт, але і бяспека. На цёмных вуліцах павялічваецца рызыка траўмаў, злачынстваў і дарожна-траспартавых здарэнняў. Жыхары Віцебску ў мясцовых тэлеграм-каналах нават заклікаюць пісаць з гэтае нагоды заявы ў ДАІ.

«Гэта ўплывае на бяспеку ў першую чаргу пешаходаў, калі яшчэ і дождж, туман, то іх ня бачна зусім. Нават на пешаходных пераходах», – кажа Дзяніс Герасімчык, аўтаінструктар, кіраўнік аўташколы «Denis Drive».

Згодна з дзяржаўнымі нарматывамі, у населеных пунктах асветленымі мусяць быць не менш як восемдзесят адсоткаў працягласці вуліцаў, аднак на практыцы мясцовыя ўлады часта абмяжоўваюцца арганізацыяй асвятлення толькі на галоўных вуліцах і магістралях.

«Пытанне не ў асвятленні галоўных магістраляў ці вуліц, а як раз маленькіх і дваровых тэрыторыяў. Самыя страшныя здарэнні адбываюцца там, а рукі ва ўладаў на жаль не даходзяць», – кажа Юрась Губарэвіч, адказны за рэгіянальнае развіццё пры НАУ.

Прычыны такой абіральнасці чыноўнікаў палягаюць у банальнай спробе ашчадзіць, зазначаюць адмыслоўцы. Выдаткі на асвятленне вуліцаў забіраюць не малую долю мясцовых бюджэтаў. Запуск БелАЭС да змяншэння кошту электрычнасці не прывёў, але рапартаваць наверх пра змяншэнне выдаткаў – трэба.

«Гэтая практыка ўзятая чыноўнікамі ўжо дастаткова даўно, хіба апошнія 15 гадоў. Адбываецца вось такая спроба эканоміць. Калі ўспомніць яшчэ пачатак 2000-х, то тады ва ўсіх гарадах асвятленне было кругласуткавае», – зазначае эканаміст Аляксей Харкевіч.

Калі на вашай вуліцы адсутнічае ці не працуе асвятленне, варта звяртацца ў мясцовыя службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі ці на кантактныя нумары выканкаму. Таксама варта пакінуць заяўку на агульны нумар 115.

Аляксандр Баразенка, «Белсат».