Што чакае беларускіх сілавікоў, што трапілі ў міжнародны вышук?


Абвяшчэнне ў еўрапейскі вышук шэрагу беларускіх сілавікоў паводле рашэння польскай пракуратуры застаецца адной з найгарачэйшых тэмаў дня. З’явіліся новыя падрабязнасці – стала вядома, якая структура апытвала беларусаў, пацярпелых ад гвалту, і збірала доказы. Якія непрыемнасці пагражаюць тым, на каго завялі справы польскія праваахоўнікі? Як можна прыцягнуць да міжнароднай крымінальнай адказнасці Лукашэнкавых топ-сілавікоў?

Шэсць працаўнікоў МУС і пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі трапілі ў еўрапейскі вышук паводле рашэння пракуратуры Польшчы. Іх падазраюць у гвалце над беларусамі падчас затрыманняў або зняволення ў 2020-м.

«Дзеянні па зборы доказаў працэсуальнага характару ў Польшчы ажыццяўляла Агенцтва ўнутранай бяспекі – фактычна спецслужба Польшчы, якая паводле даручэння пракурора апытвала сведкаў, апытвала ахвяраў», – распавядае прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Абвяшчэнне ў вышук сілавікоў – вынік супольнай працы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, польскага адваката Томаша Вілінскага, BYPOL, Кіберпартызанаў ды іншых няўрадавых арганізацыяў. Польшча, Украіна, Літва, Чэхія, Нямеччына, Швейцарыя – няпоўны спіс краінаў, у якіх беларусы, што пацярпелі ад сілавікоў Лукашэнкі, падавалі заявы ў пракуратуры. Польшча стала першай, хто абвясціў падазраваных у вышук.

«Любыя чыноўнікі, любыя органы працуюць так, што калі яны могуць не браць на сябе адказнасць, то яны не будуць яе браць. Таму патрэбныя пэўныя лабісцкія высілкі, каб яны вырашылі, што так, мы гэтым займаемся. На шчасце, універсальная юрысдыкцыя і пераслед за такія злачынствы набывае маштабны характар. Гэта вельмі добра, бо справядлівасць набліжаецца», – тлумачыць адвакат Чэшскай палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч.

Еўрапейскі вышук азначае, што ў Еўразвяз фігуранты справы не змогуць трапіць без рызыкі затрымання. У выпадку, калі да вышуку падключыцца Інтэрпол, геаграфія небяспечных для іх краінаў істотна пашырыцца, кажа Алесь Міхалевіч.

«Могуць быць праблемы і ў Грузіі, і ў Арменіі, і ў Тунісе, і ў Егіпце. То бок гэтыя людзі не паездзяць практычна нідзе. Могуць быць праблемы нават у Расеі: калі чалавек у пошуку Інтэрполу, яго могуць затрымаць і ў Расеі. Так, яго адтуль, хутчэй за ўсё, не выдадуць у Еўразвяз. Але пасядзець можна», – кажа Алесь Міхалевіч.

Таксама гэта сігнал для іншых сілавікоў, мяркуе дырэктарка Даследчага цэнтру GLOBSEC Алена Кудзько.

«Не ўсе з іх рабілі нешта, за што іх могуць арыштаваць. І гэта сігнал, што не ўсіх будуць разглядаць як нейкае калектыўнае зло. Ёсць людзі, якія адказваюць за гэта, і якія не вельмі. І гэта стымул не далучыцца да рэпрэсіяў у будучыні», – мяркуе Алена Кудзько.

Што да міжнароднага пераследу кіраўніцтва МУС ды іншых падкантрольных Лукашэнку сілавых структураў – тут больш перспектыўным выглядае зварот у Міжнародны крымінальны суд, мяркуе Павел Латушка. Бо гаворка ідзе пра стварэнне цэлай рэпрэсіўнай сістэмы.

«У гэтым кантэксце, калі разглядаць гэта як арганізаваную дзейнасць, фактычна арганізаваную злачынную групу, на чале якой стаіць Лукашэнка, то ў поле зроку могуць трапіць і тыя асобы, якія арганізавалі гэтую сістэму: Карпянкоў, Балаба і іншыя», – кажа Павел Латушка.

Сёлета ў чэрвені НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд доказы ўдзелу Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь з далейшым, так бы мовіць, перавыхаваннем.

Валянцін Васіленка, «Белсат».