Раней сілавікам было ўсё дазволена. Зараз яшчэ больш


У Беларусі набылі моц праўкі да закону аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу. Яны значна пашырылі магчымасці сілавікоў у здушванні пратэстаў. Улады чакаюць новага ўздыму напярэдадні рэферэндуму, на якім мае быць зацверджаны праект новай Канстытуцыі.

Паводле Лукашэнкі, Беларусь мае застацца прэзідэнцкай рэспублікай, а супрацьвагай будзе Усебеларускі народны сход. Паміж асноўнымі органамі ўлады ня мусіць быць змяшэння функцыяў. Што да скарачэння і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта, Лукашэнка наракаў на адсутнасць прапановаў ад сябраў ягонай канстытуцыйнай групы.

«Камісія і працоўная група па канстытуцыі вагалася. Бо ключавое рашэнне – за Лукашэнкам. Ключавое рашэнне палягае ў тым, ці ён асабіста для сябе вызначыўся, а ён сам не вызначыўся, будзе ён у 25-годзе сыходзіць ці не будзе», – адзначае дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў BISS Пётр Рудкоўскі.

Новую Канстытуцыю маюць зацвердзіць на рэферэндуме ў лютым. Дзейны асноўны закон – жорсткі і аўтарытарны, а новы можа быць слабейшым, прызнаецца Лукашэнка.

«Папракаць мяне ў тым, што мы робім канстытуцыю пад мяне – гэта глупства. Мы робім так, каб паўнамоцтвы былі размеркаваныя, а краіна засталася прэзідэнцкай рэспублікай», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Тым часам набылі моц змены ў законы аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу. Яны пашырылі падставы для ўвядзення надзвычайнага становішча. Сярод іх – спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захоп ці прысваенне ўлады, узброены мяцеж, масавыя хваляванні. Улады атрымалі права спыняць выданне і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі, абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і прыцягваць да здушэння пратэстаў вайсковыя арганізацыі, у тым ліку Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, Следчы камітэт, Узброеныя сілы. Мэта – узмацненне ўнутранага кантролю, мяркуе Пётр Рудкоўскі:

«Узмацненне ўнутранага кантролю – гэта моцная праблема. Яе вырашаюць так, як могуць. Адзін з такіх механізмаў – заканадаўчая база для такога жорсткага разгону праяваў нязгоды. Другі момант – усталяванне на ключавых пасадах сілавікоў».

Прызначаць сілавікоў на ключавыя пасады Лукашэнка пачаў напярэдадні леташніх выбараў. Тады намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка ўзначаліў Адміністрацыю прэзідэнта. Пасля пратэстаў сілавікі Валер Вакульчык, Юрый Караеў і Аляксандр Барсукоў сталі памочнікамі Лукашэнкі ў Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцях і Менску. Аляксандр Канюк і Андрэй Раўкоў адправіліся амбасадарамі ў Арменію і Азербайджан. Вадзім Сіняўскі і Сяргей Хаменка сёлета атрымалі партфелі міністра надзвычайных сітуацыяў і міністра юстыцыі.

«Гэтыя людзі абавязкова будуць выконваць загады свайго кіраўніка. У дадзеным выпадку – прэзідэнта краіны. Я мяркую, з гэтай мэтай міністэрствы і ведамствы ўмацоўваюцца былымі ці дзейнымі палкоўнікамі, генераламі, прадстаўнікамі ўзброеных сілаў: КДБ, МУС», – тлумачыць незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Ставяць сілавікоў ня толькі на міністэрскія пасады. Учора былы намеснік старшыні КДБ Алег Чарнышоў увайшоў у прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук, а экс-міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч узначаліў Таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»