Лаяльнасць ці кампетэнцыя – што важней для працадаўцы?


Спадар Павел яшчэ летась працаваў інжынерам у галіне праектавання інфраструктуры. Тое ж ён робіць і цяпер, але ў Вільні. І працуе не для Беларусі, а для краінаў Еўразвязу.

«Працы ў Беларусі засталося на тры дні. Працы стала менш, праца стала нецікавай. Яна заключалася ў тым, што мы рабілі нейкія праекты тэрміновых рамонтаў», – тлумачыць сваё рашэнне Павел.

Разам з іншымі калегамі мужчына падпісваў ліст да кіраўніцтва з асуджэннем паслявыбарчага гвалту, таму цяпер шанцаў працаўладкавацца ў Беларусі ў яго яшчэ менш. Паводле новага дэкрэту Савету Міністраў, у характарыстыцы працаўніка для новага працадаўцы маюць не толькі ўтрымлівацца звесткі аб працоўнай кампетэнцыі ды пералічвацца маральныя якасці.

«Пры накіраванні характарыстыкі на запыт дзяржоргану, іншай дзяржарганізацыі, а таксама арганізацыі, больш за 50 % акцыяў (доляў у статутным фондзе) якой у дзяржаўнай уласнасці, абавязкова мусяць утрымлівацца звесткі:

  • пра стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу;
  • пра дзеянні супраць парадку кіравання і грамадскай бяспекі, наяўнасць антыдзяржаўных праяваў работніка на працоўным месцы», – паведамляецца ў публікацыі пра форму характарыстыкі кіроўных кадраў і працаўнікоў арганізацыяў на сайце PRAVO.BY.

Сістэма спраўджання лаяльнасці патэнцыйнага працаўніка да ўладаў не новая, так рабілі яшчэ за саветамі, нагадвае галоўны прававы інспектар Свабоднага прафзвязу металістаў Ігар Комлік. Але, дадае эксперт, ад такога патрабавання цярпіць развіццё, бо лаяльнасць вельмі часта не супадае з прафесіяналізмам.

«Чалавек, які мае добрыя дзелавыя якасці, часта падвяргае крытыцы працэсы, што адбываюцца, і таму натуральна, што лаяльнасць не вызначае якасці адмыслоўца, якасці яго працы і якасці вынікаў», – кажа Ігар Комлік.

Новы пункт у характарыстыцы працаўніка датычыць паступлення на працу ў дзяржаўныя і больш як напалову дзяржаўныя ўстановы. Менавіта пра іх аптымізацыю, паводле інфармацыі парталу «Зеркало», заяўляюць улады ў планах на наступны год, прагназуючы і рост беспрацоўя. Але адначасова чыноўнікі чакаюць скарачэння колькасці насельніцтва ў Беларусі ды збіраюцца спыніць адток кадраў за мяжу, прыцягваць кваліфікаваных адмыслоўцаў у Беларусь. Эканаміст Леў Львоўскі тлумачыць супярэчнасць у рашэннях тым, што ўрад спрабуе жыць паводле рэаліяў 2019-га года, калі і планаваліся гэтыя захады.

«Сапраўды тады Беларусь прыцягвала мігрантаў. Ад нас з‘язджалі многія людзі працоўных спецыяльнасцяў, але пры гэтым мы рабіліся цэнтрам прыцягнення для айцішнікаў, для высокакваліфікаваных кадраў», – кажа Леў Львоўскі.

Палітычны крызіс у Беларусі – фактар, які не дазволіць ураду зрэалізаваць эканамічныя планы, мяркуе эксперт. Вяртанне прывабнасці краіны і для замежных і для беларускіх працаўнікоў ляжыць у сферы палітыкі.

«Як мінімум, гэта ўключае ў сябе пачатак грамадскага дыялогу, улада павінна перастаць кляйміць усіх ворагамі і прыкідвацца, што яна знаходзіцца ў акупаванай крэпасці ў 1943 годзе. Выпуск палітвязняў напэўна пазітыўна паўплывае на імідж краіны, і канешне, спыненне прынамсі слоўных нападаў на бізнес», – кажа Леў Львоўскі.

Гэтую пазіцыю падзяляе і Павел, што з’ехаў з Беларусі ў пошуках працы.

«Пасля таго, як я прыехаў, тут ацанілі якасць беларускіх інжынераў і запрасілі траіх маіх калегаў. Таму паўзучая міграцыя працягваецца, і каб яе спыніць, трэба прынцыпова штосьці змяняць», – кажа Павел.

Умовамі для свайго вяртання ў Беларусь Павел лічыць вяршэнства закону, асабістую бяспеку і ўвагу ўладаў да меркавання людзей.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»