Алейніка па вяртанні ў Беларусь выклічуць у ГУБАЗіК?


Трэці дзень Генеральнай асамблеі ААН адзначыўся новымі сустрэчамі Святланы Ціханоўскай на высокім узроўні. Абраная прэзідэнтка Беларусі спаткалася з прэм’ер-міністрам Канады Жустэнам Трудо і прэмʼер-міністаркай Італіі Джорджаю Мэлёні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З кіраўнікамі Італіі і Канады я гаварыла пра тое, каб падняць пытанне Беларусі ў “Вялікай сямёрцы”, а таксама каб ААН заняла больш рашучую пазіцыю аб Беларусі», – расказала нам Святлана Ціханоўская.

Таксама палітык сустрэлася з міністрамі замежных справаў блізу дзесяці краінаў, амерыканскімі дыпламатамі і еўракамісаркаю ва ўнутраных справах Ільваю Югансан. Пра асноўныя тэмы размоваў апавёў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі:

«Гэта пагроза незалежнасці нашай краіне ў выніку дзеянняў Лукашэнкі, які стаў фактычна правадніком інтарэсаў замежнай краіны – Расеі – у Беларусі. Гэта геапалітычны выбар нашай краіны, беларусаў, якія ставяць сабе за мэту далучыцца да Еўрапейскага Звязу. І трэцяе – гэта праект нацыянальнага пашпарта Беларусі, які дазволіць нам вырашыць праблему, якую стварае рэжым».

Размаўлялі і пра рэабілітацыю сотняў былых палітычных вязняў у еўрапейскіх краінах, удакладняе галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

«Другі трэк – гэта вызваленне тых, хто ў цяжкім становішчы, і стварэнне ціску для вызвалення ўсіх палітвязняў. На жаль, на фоне вайны з Украінай гэтая тэма губляецца, не здаецца многім прыярытэтнай. Але мы бачым, што ёсць краіны, якія гатовыя ў гэта ўпісацца».

Паралельна на Генеральнай асамблеі прысутнічае і дэлегацыя рэжыму. Кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік у сваёй прамове на паседжанні Рады бяспекі скардзіўся на «незаконныя санкцыі ды вінаваціў Захад»:

«Некаторыя адкрыта заявілі, што яны і не планавалі завяршаць гэтага канфлікту, а сёння намераныя ваяваць да апошняга ўкраінца. На гэтым фоне поўным абсурдам выглядае абвінавачванне Беларусі ў дапамозе агрэсару».

Сяргей Алейнік.
Фота: BelarusMID / X

«Рэжым пераймаецца пытаннямі ўласнага выжывання, і ён вельмі перакручаным чынам трактуе сітуацыю ва Украіне. Перакідвае ўсё з хворай галавы на здаровую», – адзначае палітычны аналітык праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі.

Дэлегацыя рэжыму некалькі разоў перасякалася ў калідорах з дэлегацыяй Святланы Ціханоўскай. Напярэдадні Сяргей Алейнік нават паціснуў руку Вячорку, але ні пра які дыялог гаворкі не было.

«Я думаю, што яны паціснулі праз мінулагоднюю сітуацыю. Калі Макей уцякаў, Алейнік вырашыў не паўтарыць лёсу Макея, вырашыў перастрахавацца, каб паказаць, што не, ён бачыць нас», – кажа Франак Вячорка.

«Рэжым змушае тых жа дыпламатаў рабіць усё насуперак сваёй волі. Я не здзіўлюся, калі таго ж Алейніка па вяртанні ў Беларусь выклічуць у які-небудзь ГУБАЗіК і скажуць, каб ён пакаяўся, каб сказаў, што з Вячоркам, экстрэмістам, ён абсалютна выпадкова, нейкае зацямненне свядомасці адбылося», – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

У гэтыя хвіліны пры Генеральнай асамблеі ААН трывае дыскусія пра пагрозы незалежнасці Беларусі з удзелам замежных міністраў. Святлана Ціханоўская заявіла пра неабходнасць супольна перадухіліць павелічэнне расейскага кантролю над нашаю краінаю.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»