«Як нам жыць у такім развале?» Рамонт у гарадзенскім двары


Кажуць, «у Гродна ўсё годна». Годна было ў гарадзенскіх дворыках па вуліцы Кабяка, але апошнія паўгода двары раскапаныя, 6 месяцаў мянялі трубы цеплатрасы, пасля чаго камунальнікі абвесцілі, што ім трэба яшчэ 4 месяцы. Жыхары публічна выказалі абурэнне мясцоваму выданню newgroodno.by.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Справа добрая, але вось толькі рамонт працягваецца ўжо паўгода. Паглядзіце, у што ператварыўся двор».

«Работы ідуць вельмі павольна. Абяцалі ўсё зрабіць да 1 верасня. Цяпер да 1 студзеня 2023 года. А як нам жыць у такім развале?»

Зацягнуты рамонт не толькі выклікае нязручнасці, але і нясе небяспеку перадусім для дзяцей: малым, каб трапіць на дзіцячую пляцоўку, трэба перайсці праз глыбокую траншэю, на самой жа пляцоўцы – вялізная лужына, у якую наўпрост наваленыя бетонныя бардзюры. На ходніках шмат дзе няма асфальту, у дождж даводзіцца прабірацца праз гразь, ды і аўты не маюць праезду.

Мясцовае выданне, куды звярнуліся жыхары, гэтак апісала сітуацыю:

«Дарэчы, пашпарт аб’екта адшукаць так і не ўдалося. Напэўна таму, што рамонт зацягваецца, знойдзецца маса прычынаў, звязаных з абʼектыўнымі абставінамі. Але вось толькі жыхарам дамоў ад гэтага не лягчэй. Кожны дзень дабірацца да падʼезда па перасечанай мясцовасці – задавальненне з разраду сумнеўных. Тым больш, калі ніхто не імкнецца ні растлумачыць прычыну зацягвання рамонту, ні хаця б папрасіць прабачэння за нязручнасці».

І адразу пасля публікацыі адміністрацыя Кастрычніцкага раёну занялася пільным развязаннем праблемы. Чыноўнікі правялі адмысловы сход, а рамонтнікі пачалі працаваць нават у выходныя – 7 дзён на тыдзень. «Белсат» патэлефанаваў у адміністрацыю і запытаўся пра дату заканчэння рамонту:

«Прыкладна на канец верасня будзем арыентавацца. Там ужо як пойдзе ў іх, дай божа, каб надворʼе дало ім папрацаваць».

Загадчыца аддзелу ЖКГ і добраўпарадкавання Кастрычніцкага раёну Горадні кажа, што высокае начальства гатовае сустрэцца з жыхарамі.

«Перакладванне цеплатрасы – гэта як цунамі, самі ведаеце. Потым пасля працы не будзе ўжо бруду, але гэты перыяд трэба разам перажыць. Давайце, можа, запрашу загадчыка ЖЭСу. Ён падыдзе, сустрэнецца з вамі, пагаворыць, паглядзіць».

Паглядзім і мы, як напрыканцы верасня будуць выглядаць гарадзенскія дворыкі, жыхары якіх паказалі прыклад, як трэба дбаць пра сваё.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»