Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак «частковай мабілізацыі»


 Паводле анонсаў расейскіх прапагандысцкіх СМІ, зварот да расейцаў меўся адбыцца яшчэ напярэдадні. Аднак з незразумелых прычынаў трансляцыю перанеслі на раніцу. Навошта ў Расеі аб’явілі частковую мабілізацыю? Што гэта значыць для Украіны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Лічу неабходным падтрымаць прапановы міністэрства абароны і генеральнага штабу аб правядзенні ў Расейскай федэрацыі частковай мабілізацыі», – заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Такая заява Уладзіміра Пуціна не зрабілася нечаканасцю: раней тэму выступу Пуціна агучыў Белы дом. Агулам жа ў Вашынгтоне кажуць, што частковая мабілізацыя адлюстроўвае цяжкасці Расеі ва Украіне.

«Расея са скрыпам шукае, каго б адправіць на вайну. Гэта дзеянні не ўпэўненай у сабе краіны, не праява сілы – якраз наадварот. І ЗША, і нашыя саюзнікі ды партнёры сярод міжнароднай супольнасці будуць супрацьстаяць гэтым відавочным намаганням з боку Расеі і цвёрда падтрымліваць Украіну ды яе народ», – сказаў Джэйк Саліван, дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі.

Следам за Пуціным перад расейцамі выступіў Сяргей Шайгу. Маўляў, «частковая мабілізацыя» закране 300 тысячаў чалавек у запасе. Таксама ён прывёў звесткі свайго ведамства пра страты жывой сілы расейскіх войскаў ва Украіне:

«Нашыя страты на сённяшні дзень: 5937 чалавек».

Калі ў Расеі такія страты, навошта тады мабілізацыя?

«Баязліўцы і хлусы! Проста! Бо сказаць праўду, выйсці і сказаць: у нас страты, мы вядзем вайну, да, вайна такая дзіўная, не на нашай тэрыторыі. Але мы яе вядзём у інтарэсах нашай дзяржавы. Ну растлумачце гэта!», – каментуе словы Шайгу генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун.

«Гэта ўжо разумееце, настолькі лічыць людзей за ідыётаў. Вось сваіх суграмадзян. Якія прымуць усё што ты ім не скажы, яны ўсё прымуць за веру, кіўнуць і пабягуць там ваяваць і гэтак далей. Што нават не знайшоў час вось прыдумаць нешта. Нейкую версію. Няхай падман, але які быў бы падобны на праўду. Але не! Проста грубая хлусня. І ўсё», – мяркуе кіраўнік украінскага цэнтру ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.

Падпісанне ўказу аб так званай частковай мабілізацыі супала з анонсам правядзення ў чатырох вобласцях Украіны – Запарожскай, Данецкай, Луганскай і Херсонскай – псеўдарэферэндуму аб далучэнні іх да Расеі. Паводле Пуціна, ваенныя дзеянні на гэтых тэрыторыях Крэмль будзе ўспрымаць як атаку на Расею.

«Пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны для абароны Расеі і нашага народу мы безумоўна выкарыстаем усе сродкі, якія ёсць у нашым распараджэнні. Гэта не блеф», – кажа Пуцін.

Былы намеснік кіраўніка СБУ Віктар Ягун заявіў, што Украіна ад Пуціна адэкватных дзеянняў не чакае:

«Таму мы рыхтуемся да ядравай вайны. Так, мы рыхтуемся. А што рабіць? Вось што застаецца рабіць? Мы закупілі таблеткі. Яны зараз у аптэках ёсць. Мы будзем біцца да апошняга. Хоча ён гэтага ці не хоча. І калі ён гэта зробіць, гэта апошняе, што ён у гэтым жыцці паспее зрабіць».

На думку Аляксандра Мусіенкі, мабілізацыя патрэбная Пуціну для працягу вайны. Ва Украіне гэта добра разумелі і разумеюць. Якія ж асноўныя задачы расейскае кіраўніцтва паставіла перад сабою?

«Па-першае, утрымліваць акупаваныя тэрыторыі. І па-другое, сапраўды, там дзе будзе атрымлівацца паспрабаваць рушыць наперад. Ну і ў прынцыпе далей цягнуць час, думаючы, што Украіна і Захад здадуцца», – мяркуе Аляксандр Мусіенка.

У Расеі ж пачаліся пратэсты супраць мабілізацыі.

Руслан Ігнатовіч belsat.eu