Каго пазбавяць беларускага грамадзянства


Антыбеларускі рэжым, відавочна, вырашыў не абмяжоўвацца пазбаўленнем службовых званняў. І рушыў значна далей. На партале Pravo.by з’явіўся праект зменаў у Закон «Аб грамадзянстве». Ён ужо накіраваны ў Палату прадстаўнікоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У тым праекце прапісана, што грамадзянства змогуць адабраць паводле судовага рашэння ў асобы, якая займаецца экстрэмісцкаю дзейнасцю, або за прычыненне ёю цяжкае шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такая асоба застаецца за межамі дзяржавы. Але ці стасуецца з Канстытуцыяй салодкая мара ўладаў пазбавіцца ад тых, каго яны грэбліва называюць «беглымі», а заадно і запалохаць тых, хто яшчэ спрабуе змагацца за Новую Беларусь?

Адказны за дзяржаўнае кіраванне і ўнутраную палітыку НАУ Арцём Праскаловіч сцвярджае: гэты закон супярэчыць не толькі Канстытуцыі і юрыспрудэнцыі, але і здароваму сэнсу. Паводле словаў Праскаловіча, «настолькі шмат прававых памылак, юрыдычных з пункту гледжання нарматворчай тэхнікі. Таму што гэтая норма – абсалютна не канкрэтызаваная. Чалавек не разумее ў канечным рахунку, за што ён можа быць пазбаўлены грамадзянства Беларускай дзяржавы. Таму што няма акрэсленага спісу экстрэмісцкіх дзеянняў у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь».

Аўтары праекту таксама мараць пра тое, каб грамадзяне Беларусі даносілі самі на сябе. Літаральна! Новы закон патрабуе, каб людзі самі паведамлялі ў беларускія органы ўнутраных справаў або ў замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы пра факты атрымання дазволаў на жыхарства за мяжою або аналагічных дакументаў. Размова, напрыклад, пра іншаземны пашпарт або Карту Паляка. І зноў жа – незразумела, як «законатворцы» сабе гэта ўяўляюць. І ці даюць сабе клопат прадумаць механізмы выканання грамадзянамі гэткай нормы.

«Галоўнае – псіхалагічны ціск на тых людзей, якія апынуліся за мяжою, – патлумачыў беларускі палітолаг Валер Карбалевіч. – Гэта таксама спроба падштурхнуць іх да таго, каб яны вялі сябе ціха, каб не ўдзельнічалі ні ў якіх акцыях пратэсту, у арганізацыях палітычных, што з’яўляюцца апазіцыйнымі. І так далей».

Пазбаўляць грамадзянства рэжым мог і раней, але толькі тых асобаў, якія яго прынялі, а не былі беларусамі ад нараджэння. Цяпер жа, калі новы законапраект прымуць, пад яго падпадзе кожны ўладальнік сіняга пашпарту.

Марына Яновіч, «Белсат»