Беларускім дзецям у Варшаве раздалі заплечнікі да навучальнага году


Алоўкі і клей, сшыткі і фарбы – і ўсё гэта ў навюткіх заплечніках. Больш за сотню беларускіх дзяцей у Варшаве атрымалі такія камплекты да новага навучальнага года. Усе гэтыя дзеці разам з бацькамі былі вымушаныя ўцякаць з Беларусі праз рэпрэсіі рэжыму.

«Пасля мірных мітынгаў пачалі выклікаць у міліцыю, потым затрымалі на вуліцы нібы злоснага злачынца, доўга трымалі на допытах, прыніжалі, абражалі. Нібы не ламалася, як кажуць. Але калі цябе пачынаюць палохаць дзецьмі… Яны ведаюць, на што націснуць», – распавядае Галіна Рабец, уцякачка з Беларусі, маці школьнікаў, што атрымалі заплечнікі.

Акцыю дапамогі са зборам у школу беларускіх дзетак у Польшчы Беларускі дом арганізоўвае ў супрацы з міжнароднай арганізацыяй «Rotary Club» ужо другі год.

«У мінулым годзе мы перадалі дзеткам беларускіх рэпрэсаваных, якія былі вымушаныя ўцякаць у Польшчу, 220 заплечнікаў у Вроцлаве, Варшаве, Беластоку. А ў гэтым годзе былі сабраныя з вісбадэнцамі, прадстаўнікамі чатырох «Rotary Club» Вісбадэну, грошы на 330 заплечнікаў», – кажа кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

Грошы ў Нямеччыне збіралі арганізацыі, якія яшчэ ў пачатку 90-х дапамагалі беларусам у супрацы з фондам «Дзеці Чарнобылю» Генадзя Грушавога. Менавіта ягоная дачка, якая цяпер жыве ў Вісбадэне, была ініцыятаркаю гэтай акцыі.

«З’явілася ідэя сёлета паўтарыць, тым больш што сёлета колькасць уцекачоў тут у Варшаве павялічылася ў сувязі, па-першае, з працягам рэпрэсіяў у Беларусі, а па-другое, з сітуацыяй ва Украіне», – адзначае ініцыятарка збору сродкаў Марына Грушавая.

Збор беларускіх дзяцей у школу не толькі дапамога, але і свята салідарнасці ды інтэграцыі, падкрэсліваюць арганізатары:

«Гэта такое свята на тле рэпрэсіяў, але мы лічым, што ў дзяцей ніхто не можа забіраць дзяцінства, нягледзячы на той жах і трагічныя падзеі, што ў Беларусі адбываюцца штодзённа», – кажа Алесь Зарэмбюк.

У Варшаве раздалі траціну сабраных заплечнікаў, рэшта паедзе ў Беласток, Познань і Кракаў, дзе таксама жыве шмат уцекачоў з Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»