Каму выгадная смерць Дар'і Дугінай?


Падмаскоўе, позні вечар. На трасе непадалёк паселішча Бальшыя Вязёмы выбухае пазадарожнік. Кіроўца гіне на месцы. Гэта Дарʼя Дугіна, палітычная аглядальніца, дачка філосафа і палітолага Аляксандра Дугіна.

Дарʼя Дугіна пісала артыкулы для каналаў «Russia Tuday» і «Царьград» пад псеўданімам Платонава. Выступала на прапагандысцкіх ток-шоу. Здымала рэпартажы з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у акупаваным Марыупалі. Падтрымлівала і развівала ідэі свайго бацькі, якога называюць «ідэолагам Пуціна». Сам Дугін нібыта меў ехаць разам з дачкой, але ў апошні момант змяніў аўтамабіль. У Крамлі ў смерці Дугінай паспяшаліся абвінаваціць Украіну.

«Несумненна, яны будуць выкарыстоўваць гэта, па-першае, каб узмацніць ідэалагічны і інфармацыйны ціск на расейскае грамадства, маўляў, давайце пойдзем масава рэзаць украінцаў. А па-другое, гэта будуць выкарыстоўваць для таго, каб у самой Расеі стварылася пэўнае пераразмеркаванне ўнутранай ідэалагічнай прасторы, якая сталася б больш ультрарадыкальнай», – лічыць дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч называе і іншыя выгады, якія Крэмль атрымлівае ад гібелі Дарʼі Дугінай:

  • «Кейс Дугіна дазваляе перамясціць увагу з тэмы Крыма».
  • «Па часе гэта супадае і зʼяўляецца добрым прапагандысцкім «разагрэвам» перад судзілішчам над азоўцамі, якое цяпер рыхтуецца».
  • «Гэты кейс здымае тэму абстрэлаў цывільных абʼектаў і ахвяраў сярод мірных жыхароў».

Калі прыняць як версію палітычнае забойства, то чаму мішэнню зрабілася сямʼя Дугіна?

«Паколькі ягоныя погляды адпавядаюць поглядам крамлёўскіх вярхоў сёння, то праводзіцца такая паралель, нібыта гэты чалавек нешта фармуе. Можа, ён сустракаўся з кімсьці, можа, ён чытаў нейкія лекцыі. Але казаць, што без Дугіна пуцінскі рэжым быў бы іншым, не дадумаўся б да гэтых ідэяў – мне падаецца крыху наіўным», – лічыць журналіст і публіцыст Канстанцін фон Эгерт.

У сваіх публікацыях і выступах Дугін выказваецца супраць заходніх каштоўнасцяў і за аднаўленне Расейскай імперыі.

«З пункту гледжання Дугіна, ніякая дэмакратыя, ніякі лібералізм, нішто, што б нагадвала заходнюю прадстаўнічую сістэму, Расеі не патрэбнае. Гэта краіна веры. Краіна, якой наканавана несці вялікую місію асветы народаў і тлумачэння ім шкоды дэмакратыі на ўсёй планеце», – адзначае Канстанцін фон Эггерт.

У 2014 годзе, калі ва Украіне зрынулі прарасейскага прэзідэнта Януковіча, Дугін раскрытыкаваў Пуціна за тое, што ён тады ўстрымаўся ад поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Расейскую агрэсію 2022-га Дугін горача падтрымлівае. У сваіх публікацыях ён адмаўляе самую магчымасць існавання незалежнай украінскай дзяржавы.

Пытанне, каму была б выгадная смерць Дугіна або чальцоў ягонай сямʼі, застаецца адкрытым.

Валянцін Васіленка, «Белсат»