Жыхары Калінінграду: «Трэба адсюль збіраць манаткі, бо ні даехаць, ні дайсці. Такога ніколі не было»


Афіцыйная Вільня пашырае абмежаванні на транзіт падсанкцыйных тавараў у Калінінградскую вобласць – усё ў межах санкцыяў Еўразвязу за несправакаваную агрэсію Расеі супраць Украіны. Цяпер частковае абмежаванне паставак датычыцца не толькі чыгункі, але і аўтамабільнага транспарту. Гэтак у пункце пропуску «Мядзінінкай» на мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі разварочваюць грузавікі з забароненымі грузамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вільня не прымае абвінавачанняў Крамля аб эканамічным задушэнні Калінінграда. І літоўскія ўлады працягнуць абмяжоўваць транзіт санкцыйных тавараў у Расейскую Федэрацыю.

«Блакады Калінінграду няма. Проста з мінулых выходных набылі моц санкцыі адносна некаторых тавараў, якія ўваходзяць у санкцыйны пакет. А менавіта сталі і чорных металаў», – патлумачыла прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце.

У літоўскім урадзе нагадалі, што забарона на правоз у Расею спірту і цэменту набудзе моц 10 ліпеня, вугаль не будуць вазіць з 10 жніўня, а транзіт нафты будзе забаронены толькі 5 снежня.

«Відавочная спроба драматызаваць сітуацыю. Колькасць санкцыйных тавараў, калі санкцыі будуць мець поўны эфект, будзе менш за палову ўсяго транзіту праз Літву. То бок блакады няма», – заявіў Габрыелюс Ландсбергіс, міністр замежных справаў Літвы.

Пры гэтым транзіт пасажыраў у Калінінградскую вобласць не спыняўся, хоць расейскія банкі не маглі яго аплаціць з прычыны санкцыяў.

Аднак у аўторак Міністэрства замежных справаў Расеі выклікала амбасадара Еўразвязу, каб выказаць рашучы пратэст супраць абмежаванняў.

«Я меў магчымасць патлумачыць пазіцыю Еўразвязу, што няма ніякай забароны транзіту, няма ніякай блакады. Я заклікаў расейскі бок захоўваць спакой, не нагнятаць ні словамі, ні дзеяннямі», – патлумачыў журналістам Маркус Эдэрэр, амбасадар Еўразвязу Расеі.

Разам з тым кіраўнік расейскага Савету бяспекі прыбыў у Калінінград, дзе выказаў пагрозу: дзяржаўныя ўстановы рыхтуюць адказ Літве і бліжэйшым часам увядуць адпаведныя захады.

«Іх наступствы акажуць сурʼёзны негатыўны ўплыў на насельніцтва Літвы», – паабяцаў Мікалай Патруша.

Улады вобласці абяцаюць наладзіць перавозку забароненых грузаў морам.

«Можна пераразмяркоўваць тыя рэсурсы, якія вызваляюцца на лагістыцы санкцыйных тавараў на перавозку непадсанкцыйных тавараў, якіх у прынцыпе шмат. Гэта і харчы, і фармацэўтыка, і вугаль да пэўнага моманту, і нафтапрадукты», – кажа прэс-сакратар ураду Калінінградскай вобласці Дзмітрый Лыскоў.

Чыноўнікі заклікаюць людзей не рабіць панічных закупаў.

А вось што мяркуюць жыхары Калінінграду:

«Была размова пра будаўнічыя грузы. Мяне гэта не датычыцца, я нічога не будую. Думаю, на мне гэта не адабʼецца ніяк».

«Трэба адсюль збіраць манаткі, бо ні даехаць, ні дайсці. Такога ніколі не было».

«Навіна мяне шакавала і адначасова парадавала, бо асабіста я паспела будматэрыяламі запасціся загадзя».

«Можа быць, кошты павысяцца. Ці ўвогуле не будзе таго, да чаго мы прызвычаіліся да ўсіх гэтых падзеяў».

Расейскія ўлады не раз заяўлялі, што санкцыі за вайну з Украінай – гэта парушэнне іх правоў.

«Мы ўсё ж спадзяемся, што розум у нашых суседзяў пераможа варʼяцтва, якое зараз яны робяць», – абураецца дзеяннямі літоўцаў Дзмітрый Лыскоў.

Адначасова з тым Расея праводзіць вучэнні баявога флоту ў Балтыйскім моры.

«Яны зараз будуць пужаць, пужаць Захад, як яны кажуць, будуць пужаць NATO і Еўразвяз, бо вельмі важныя рашэнні будуць прымацца ў гэты тыдзень у Еўразвязе, на наступным тыдні гэта будзе звязана з самітам NATO. Так што яны будуць пужаць, галоўнае, каб мы не пужаліся», – патлумачыла «Белсату» Раса Юкнявічыене, міністр абароны Літвы (2008–2012).

Як паведамляе выданне Politico, ад пачатку адкрытай агрэсіі Расеі ва Украіне самым гіпатэтычна небяспечным месцам на Зямлі можна лічыць Сувалкскі калідор між Беларуссю і Калінінградскай вобласцю, бо там можа пачацца непасрэдны канфлікт Расеі і блоку NATO.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».