Ціханоўская прыняла ўдзел у санкцыйнай Радзе Еўразвязу


Еўразвяз узгадніў чацвёрты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, сілавога апарату, алігархаў і эканамічных структураў. Актывы асобаў, што пад яго патрапілі, будуць замарожаныя, а іх уезд на тэрыторыю Аб‘яднанай Еўропы будзе забаронены. Рашэнне прынялі ў Люксембургу на паседжанні міністраў замежных спраў дзяржаваў Еўразвязу, у якім удзельнічала і Святлана Ціханоўская, як лідар дэмакратычных сілаў Беларусі. У замежнапалітычнай службе Еўразвязу не выключылі, што будзе і пяты санкцыйны ўдар, калі атачэнне Лукашэнкі не зменіць свае паводзіны.

Вялікае герцагства Люксембург, Еўрапейскі канферэнц-цэнтр. Тут сабраліся міністры замежных справаў краін Еўразвязу на саміт, дзе Беларусь стаіць на першым месцы.

«Мы пачнем са сняданку са спадарыняю Святланаю Ціханоўскай. Гэта вельмі своечасовая сустрэча пасля апошняй дыскусіі ў мінулым верасні. Мы абмяркуем і пашырэнне санкцыяў за рэпрэсіі, што праводзіць рэжым у Беларусі. І таксама разам са Святланаю Ціханоўскай мы абмяркуем, як больш дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці», – распавёў перад паседжаннем міністр замежных справаў Румыніі Багдан Аўрэску.

Напрыклад, летась сама Румынія перавяла праз структуры Еўразвязу больш за 100 тысяч еўраў у дапамогу незалежным медыям і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Таксама міністры замежных справаў і Святлана Ціханоўская абмеркавалі ўсёабдымны План эканамічнай дапамогі Беларусі, які пачне дзеяць пасля сапраўдных, празрыстых выбараў.

Беларускі крызіс аб’яднаў еўрапейскія дзяржавы.

«Санкцыі будуць балючыя. І, спадзяюся, настолькі балючыя, каб паставіць рэжым на калені. Мы ўдарым па сямі грашовых галінах Лукашэнкі, у тым ліку цыгарэты, калійныя ўгнаенні, нафтаперапрацоўка і фінансавы сектар. Прыйшоў час для Еўразвязу паказаць, што дзяржаўнаму тэрору няма месца ў 21-ым стагоддзі», – заявіў міністр замежных справаў Люксембургу Жан Асэльборн.

«Немагчыма, каб нічога не змянілася пасля ўвядзення гэтых санкцыяў. Канечне, будзе рэакцыя рэжыму: пазітыўная ці негатыўная – ніхто пакуль не ведае. Але гэта вельмі моцны ўдар па рэжыме, і яны мусяць зразумець, што няма іншага шляху, чым дыялог з грамадзянскаю супольнасцю. Гэтыя санкцыі патрэбныя не для пакарання, а каб спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў», – патлумачыла Святлана Ціханоўская.

Настрой еўрапейскіх палітыкаў кардынальна змяніўся за апошні месяц, кажа літоўскі міністр замежных справаў. Раней дзяржавы Еўразвязу спрабавалі ўплываць на Аляксандра Лукашэнку пагрозамі шырокіх санкцыяў, каб той спыніў рэпрэсіі супраць беларусаў. Рэалізаваць намер пастанавілі пасля акту паветранага пірацтва – прымусовай пасадкі ў Менску рэйсу Афіны – Вільня. А таксама калі Аляксандр Лукашэнка стаў выкарыстоўваць як зброю нелегальных мігрантаў, якія транзітам ідуць праз Беларусь у Літву і далей у Еўразвяз.

«Толькі за апошнія выходныя мы затрымалі больш як 30 уцекачоў, якіх прывялі беларускія памежнікі. Паводле нашай інфармацыі, улады Беларусі арганізоўваюць прыбыццё ўцекачоў з Іраку і Турцыі ў Менск, а адтуль іх вязуць да літоўскай мяжы, каб уцекачы мінулі мяжу і прасілі прытулку», – распавёў Габрыелюс Ландсбергіс, міністр замежных справаў Літвы.

Але не забывайма, што за рэпрэсіўным рэжымам у Беларусі стаіць Расея, кажа Габрыелюс Ландсбергіс. І пасля ўвядзення шырокіх санкцыяў Пуціну будзе вельмі складана цягнуць Лукашэнку.

Яраслаў Сцешык, Ігар Кулей, «Белсат»