Тры дні да выбараў у Каардынацыйную раду: ці будзе інтрыга?


Чым бліжэй да выбараў у Каардынацыйную раду, тым больш вакол іх шуму – і ў Беларусі, і за яе межамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэжым рэагуе на гучную палітычную падзею рэпрэсіямі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць 257 чалавек, якія балатуюцца ў склад Рады трэцяга склікання. Іх абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

«Я не думаю, што ў агляднай перспектыве Каардынацыйная рада будзе здольная нейкім чынам сур‘ёзна змяніць сітуацыю ўнутры Беларусі. Але Лукашэнка страхуецца. У яго працуе вось гэты спалох 20-га года, калі, здаецца, усіх прэтэндэнтаў пасадзіў за краты але ўсё адно быў выбух народнай актыўнасці», – каментуе сітуацыю палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Не зважаючы на ціск з боку рэжыму, дэмакратычныя сілы працягваюць рыхтавацца да выбараў. У адкрыты доступ трапіла праграма для галасавання Belarus ID, распрацаваная камандаю Паўла Лібера. Адбылося гэта на дзень пазней ад запланаванага і без версіі для беларусаў, якія застаюцца на радзіме. Яны змогуць спампаваць дадатак толькі праз VPN.

«У свеце апошніх заўвагаў, што атрымаў Павел Лібер цягам аўдыту, які адбываўся ўвесь гэты час, было вырашана прыняць дадатковыя меры бяспекі. То бок гэта тая самая дадатковая мера бяспекі», – кажа старшыня Выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады Алена Прыходзька.

Раней пра тое, што праграма будзе дасяжная і грамадзянам у Беларусі, паведамляла сама Алена Прыходзька. Цяпер жа гэтай частцы выбарнікаў прапануюць галасаваць праз ўэб-версію.

«Любы від галасавання можа быць небяспечным, але ж галасаванне праз ўэб-версію з выкарыстаннем VPN, а таксама акна інкогніта ці Кill switch з‘яўляецца найбольш бяспечным, асабліва ў параўнанні з выкарыстаннем прыкладання. Таму што пры выдаленні прыкладання не магчыма ці вельмі складана поўнасцю ачысціць сляды пры выдаленні», – распавядае афіцыйная прадстаўніца «Беларускіх кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец.

Пытанні пра гатовасць Belarus ID узніклі падчас публічнага тэставання. Напярэдадні журналістка «Белсату» сцягнула праграму і высветліла, што яна дазваляе прагаласаваць нават з падробленым пашпартам, вырабленым у хатніх умовах і раздрукаваным на звычайным прынтары.

Сёння Выбарчая камісія рапартуе пра бяспеку як праграмы, гэтак і яе ўэб-версіі. Але ж кіберпартызаны заклікаюць асцярожна карыстацца апошняю.

«Трэба разумець рызыкі, звязаныя з перадачай асабістых дадзеных. Пры галасаванні перадаюцца асабістыя дадзеныя і прынамсі на некаторы час яны захоўваюцца на серверы прыкладання. Гэтае не нашае прыкладанне, мы не маем доступу да гэтага прыкладання, таму гарантаваць поўную бяспеку з перадачы дадзеных мы не можам», – зазначае Юліяна Шаметавец.

Беларусы замежжа могуць спампаваць Belarus ID і прайсці рэгістрацыю з сёння.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага актыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пакуль выбарнікі – і за мяжой, і ў Беларусі – чакаюць дня галасавання, з’явіліся вынікі першых апытанняў, датычных сімпатыяў электарату. Паводле ініцыятывы «Народнае апытанне», з вялікім адрывам лідаруе каманда Паўла Латушкі і руху «За свабоду».

«Вось гэтая перспектыва, гэтыя вынікі апытання – яны могуць насцярожыць людзей з атачэння Святланы Ціханоўскай. Таму што, калі каманда Латушкі і Губарэвіча заваюе шмат мандатаў, то можа ўзнікнуць другі цэнтр сілы і можа пачацца “перацягванне коўдры”», – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

За якою фракцыяй усталюецца большасць мандатаў, стане вядома 8-га чэрвеня. У гэты дзень апублікуюць канчатковыя вынікі выбараў. Галасаванне ж пачнецца 25-га траўня і працягнецца тры дні. Напярэдадні падзеі, 24-га траўня, адбудуцца дэбаты кандыдатаў у Каардынацыйную раду 3-га склікання – а 21-ай гадзіне, у жывым эфіры нашага тэлеканалу.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»