На айчынных бензастанцыях адбылося чарговае падаражэнне


У Беларусі з сёння падаражэла аўтамабільнае паліва. Гэта першае за больш як год павышэнне коштаў на беларускіх станцыях, але не апошняе. Што будзе з цэнамі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння кошты паліва на беларускіх бензастанцыях пацяжэлі на 1 капейку. Цяпер за літр 92-га бензіну давядзецца заплаціць два рублі 27 капеек, 95-ты абыдзецца на 10 капеек даражэй, літр дзевяноста восьмага бензіну каштуе 2 рублі 59 капеек, дызельнае паліва – 2 рублі 37 капеек. Гэта першае змяненне коштаў на паліва за больш як год. Апошні раз цэннікі на бензастанцыях змянялі летась у траўні. Тады паліва, наадварот, дзясяты раз за год патаннела на адну капейку. Асноўнаю прычынаю цяперашняга падаражэння ў дзяржаўным канцэрне «Белнафтахім» назвалі павышэнне выдаткаў на вытворчасць нафтапрадуктаў і закуп сыравіны. Расейская нафта маркі «Urals» за год падаражэла з 50-ці да 70-ці долараў за барэль.

«Наваполацкі раён і Мазырскі раён нясуць велічэзныя страты. Звязана гэта перш за ўсё з дзейнасцю НПЗ – яны стратныя пры цяперашняй сітуацыі на рынку.Таму гэта строгая палітыка накіраваная на тое, каб дадаць прыбытковасці стратным НПЗ», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Паўплываць на кошты нафты маглі і атакі ўдарных беспілотнікаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. За красавік вытворчасць на іх скарацілася на 14 адсоткаў.

«Попыт і прапанова – галоўны механізм, які гэта рэгулюе. Удары па НПЗ моцна адбіліся на прапанове, пры чым па прапанове гатовай прадукцыі. Галоўнае пытанне тут – кошты на нафту. Якія мала залежаць ад беларускай сітуацыі. Падзеі ў свеце ўплываюць моцна на кошты і прагнозы на бліжэйшы час не прадказваюць іхнага зніжэння», – дадае Аляксей Харкевіч.

Таму сённяшняе падаражэнне не апошняе. У «Белнафтахіме» ужо анансавалі штотыднёвы рост коштаў на паліва цягам бліжэйшых сямі тыдняў. Такім чынам да лета паліва на беларускіх станцыях ужо дакладна падаражэе на восем капеек.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»