«Не думаю, што яны настолькі пацярпелі маральна», – абвінавачаная ў абразе міліцыянтаў


Па два прысутныя ў зале на кожнага падсуднага – разгляд чарговай калектыўнай судовай справы ў Берасці. У судзе Ленінскага раёну Андрэй Грушко вынес прысуды трынаццаці берасцейцам, абвінавачаным у масавых беспарадках. Найбольшым тэрмінам зняволення – пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – пакаралі 20-гадовага Данілу Бандарука.

«Не былі ўлічаныя пажаданні адвакатаў. Што пракурор сказаў, тое суддзя і прызначыў. Відаць, што ўсё адбываецца, каб аказаць як мага большы ціск на падсудных, на нашых дзяцей, на нашых родных, а таксама на нашы сем’і», – лічыць бацька Данілы Віктар Бандарук.

Чатырма гадамі калоніі пакаралі Віталію Бандарэнку, адзіную дзяўчыну ў гэтай справе.

Няпоўнагадовыя Аляксандр Вінярскі ды Эдуард Курдынюк атрымалі па тры гады выхаваўчай калоніі.

Зняволенні ў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі яшчэ дзевяцярым фігурантам справы: па 3,5 года Андрэй Грышчук і Сіман Канцэвіч, па чатыры – Дзяніс Марусевіч, Уладзімір Рубашэўскі, Віктар Панцялееў, Вячаслаў Касцючык, Максім Зіневіч і Міхаіл Калішук. Марк Салонікаў атрымаў 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Агулам жа ў справе пра масавыя беспарадкі ў Берасці, распачатай яшчэ летась у жніўні, праходзяць больш за 80 асобаў.

«Яны, канечне, усе малайцы, усміхаліся. Адзінае, вельмі шкада няпоўнагадовых – у 17 гадоў за што тры гады?» – «То бок усе ўсё разумеюць?» – «Так, усе ўсё разумеюць і, канечне, спадзяюцца, што хутка ўсё зменіцца ў краіне, і нашыя дзеці будуць з намі», – кажа Людміла, маці асуджанага Дзяніса Марусевіча.

У судзе Савецкага раёну Гомля адбылося чарговае паседжанне для разгляду скаргі Сяргея Ціханоўскага на неправамерныя дзеянні дзяржаўных органаў. Вядзецца пра спробу ўладаў спагнаць падаткі з дзевяцісот тысяч долараў, нібыта знойдзеных падчас ператрусу на лецішчы. Суддзя Ларыса Казырэвіч прыняла рашэнне, што працэс будзе закрытым.

«У нашай краіне ўсё сакрэтна, бо ўлада баіцца кожнага шолаху, улада нават мясцовую кампанію збіраецца пераносіць. Таму яны імкнуцца там, дзе можна і дзе нельга, усё закрыць, каб ніхто не бачыў і ніхто не ведаў», – падкрэслівае гомельскі праваабаронца Васіль Палякоў.

Пачаўся сёння разгляд двух крымінальных справаў за абразу міліцыянтаў у сацсетках. У судзе Фрунзенскага раёну сталіцы Юлія Блізнюк судзіць 46-гадовага Андрэя Думанскага, які пракаментаваў чужы каментар у тэлеграм-канале. А ў Бабруйску за абразлівы каментар пра двух мясцовых міліцыянтаў судзяць маці траіх дзяцей Ірыну Барздову:

«Сібецкі і Рудзько запрасілі па тысячы рублёў: я да гэтай сумы стаўлюся вельмі… для мяне яна непасільная, бо я ў дэкрэтным адпачынку, атрымліваю толькі дзіцячыя, і муж толькі памяняў працу. Непасільна для мяне тысяча рублёў. І я не думаю, што яны настолькі пацярпелі маральна».

Прысуд у справе маюць абвесціць 26-га траўня.

Паводле Генпракуратуры, фігурантамі крымінальных справаў пасля прэзідэнцкіх выбараў ужо сталі 944 чалавекі. Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што на экстрадыцыю фігурантаў з-за мяжы накіравалі запыт у Інтэрпол.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»