Нацыянальны сцяг – у спіс нацысцкай сімволікі?


Спробы хадзіць па вуліцах з бел-чырвона-белымі сцягамі будуць вельмі жорстка спыняцца – заявіў Міхаіл Бедункевіч, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй. Ведамства выступіць з ініцыятывай: уключыць беларускі гістарычны сцяг – сімвал пратэстаў у нашай краіне – у спіс нацысцкай сімволікі.

Улады Беларусі папракаюць актывістаў у «перафарматаванні» гісторыі ды хочуць паставіць кропку з вызначэннем бел-чырвона-белай сімволікі.

«Бліжэйшым часам будзем выступаць з ініцыятываю ўключэння ў спіс нацысцкай сімволікі бчб-сцяга, які выкарыстоўваўся ўсімі калабарацыянісцкімі арганізацыямі на тэрыторыі БССР у гады акупацыі», – заявіў намеснік начальніка ГУБАЗіКу палкоўнік міліцыі Міхаіл Бедункевіч.

Сцяг, пад якім, дарэчы, першую прысягу прымаў Лукашэнка, палкоўнік называе здрадніцкім і папярэджвае, што спробы хадзіць з ім па вуліцах будуць вельмі жорстка спыняцца.

«Не прадстаўлена дагэтуль ні фота, ні кіно, ні дакументаў, звязаных з тым, што тыя ж паліцэйскія батальёны выкарысталі гэта як сцяг і ўжывалі пры ажыццяўленні любых акцый, у тым ліку карных. Ніводнага доказу няма», – падкрэслівае гісторык Ігар Кузняцоў.

Апроч таго, дзяржаўная прапаганда, атакуючы бел-чырвона-белы сцяг, ніколі не згадвае, што той жа расейскі трыкалор быў афіцыйным сцягам арміі генерала Уласава, пад якім ваявалі супраць саветаў больш за 800 тысяч чалавек. Чаму ж наш нацыянальны сцяг атакуюць менавіта цяпер?

На гэтае пытанне адказвае палітолаг з цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Таму што яны адчуваюць такую перамогу ў пэўным сэнсе ў падаўленні пратэстаў у Беларусі і кантроль над сітуацыяй і таму вырашаюць легалізаваць рэпрэсіўныя практыкі, якія былі ўжытыя ў гэты час».

Як адзначае палітолаг, бел-чырвона-белы сцяг мае свой уласны наратыў, ён цесна ўплецены ў беларускую гісторыю і сімвалізуе барацьбу за дэмакратычныя змены ў Беларусі.

«Альбо будзе моцны грамадскі ўздым супраць гэтага, альбо гэта будзе ўведзена ў заканадаўства і рэпрэсіўную практыку. І ўсё гэта будзе выкарыстоўвацца толькі выключна ў падпольным, канспіратыўным рэжыме. Але ў любы новы час грамадскага пад’ёму гэтыя сімвал зноў выйдуць на паверхню», – прагназуе Андрэй Ягораў.

Бел-чырвона-белы сцяг быў афіцыйным сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі ды дзяржаўным сцягам незалежнай Беларусі ў перыяд з 1991 да 1995 гады. Сцяг памянялі на цяперашні – чырвона-зялёны – на рэферэндуме, які ініцыяваў Лукашэнка.

Каця Малей, «Белсат»