Харчаванне ў школах даражэе


Вялікі перапынак, час на абед. Паводле звестак Міністэрства адукацыі, у беларускіх школах – больш чым мільён навучэнцаў. З сённяшняга дня бацькі будуць плаціць за іхнае харчаванне болей.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ясна, што там ёсць нейкія бюджэтныя праблемы. Вось не змаглі нідзе знайсці ў іншым месцы. Відавочна, невялікія грошы яны з гэтага возьмуць, але гэта паказвае, што нават разумеючы, што будуць негатыўныя наступствы, што людзі будуць абураныя, тым не менш няма магчымасці пазбегнуць гэтага падвышэння», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У сярэднім нормы выдаткаў на харчаванне ва ўстановах адукацыі павялічылі на 6-11 %, вынікае з апублікаванай урадам пастановы. Кошт аднаго дня харчавання ў школьнай сталоўцы залежыць ад узросту навучэнца, а таксама ад працягласці яго перабывання ў адукацыйнай установе.

Гэтак, для вучня ад 6 да 10 гадоў, які праводзіць у школе 6-8 гадзінаў, двухразовае харчаванне за дзень цяпер каштуе 3 рублі 5 капеек. Бацькі вучняў ад 11 да 18 гадоў заплацяць за такі ж час 3 рублі 52 капейкі. Адпаведна, даражэйшым будзе харчаванне, калі вучні застаюцца ва ўстанове адукацыі да 10,5 гадзінаў. Трохразовае харчаванне для школьнікаў ад 6 да 10 гадоў каштуе 3 рублі 93 капейкі, для старэйшых вучняў – 4 рублі 41 капейку. У сярэднім падвышэнне цэнаў склала 20-30 капеек.

Летась у кастрычніку Лукашэнка абурыўся ростам цэнаў і літаральна забараніў падвышаць іх. За нібыта неабгрунтаванае падвышэнне завялі дзясяткі крымінальных справаў. У сітуацыі ж са школьнымі абедамі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю парушэнняў не бачыць, зазначае аўтар белсатаўскай праграмы «Атмасфера» Аляксандр Кныровіч:

«Ён спрабуе ўсім астатнім закрэсліць такую магчымасць, усім астатнім загадаць: не, ні ў якім разе! А калі гэта тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў, у тым ліку гэтыя абеды, у тым ліку тытунёвыя вырабы, у тым ліку тарыфы на ЖКГ – усё нармальна, тады можна».

Для складання меню ў школьных сталоўках ёсць стандарты: у рацыёне мусіць быць пэўная колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мінеральных рэчываў. Паводле педыятра Маі Церакулавай, навучальныя ўстановы ў Беларусі хутчэй прытрымліваюцца гэтых нарматываў, прапісаных у заканадаўстве, але ёсць іншая праблема: беларускія вучні не маюць у сталоўцы такога выбару, як, напрыклад, навучэнцы ў той жа Польшчы:

«У Беларусі, як заўжды, усё вельмі цэнтралізавана. Калі выпусцілі такое меню, то ўсе мусяць яго прытрымлівацца. А тут сама сталоўка вызначае. Яны ведаюць, якую колькасць бялкоў, вугляводаў, мяса яны мусяць даць, у залежнасці ад гэтай колькасці самі прыдумляюць стравы і прапаноўваюць той выбар дзецям».

Летась праблемамі школьнага харчавання ў Беларусі пераняўся прэм’ер Раман Галоўчанка, які назваў школьныя стравы нясмачнымі, аднастайнымі і неэстэтычнымі. У выніку ўрад запусціў пілотны праект, каб высветліць, якая ежа падабаецца вучням, а якая – не. Што праўда, пасля некалькіх месяцаў пра вынікі даследаванняў нічога невядома.

Алесь Яшчанка, «Белсат»