Беларусы застануцца без «Зялёнай карты»


Вясна. Усё зелянее. Вось толькі звыклай ужо «зялёнаю картаю» – страхоўкай аўтамабіля для выезду за мяжу – беларусам засталося карыстацца крыху больш за месяц. Сёлета а 23:59 31-га траўня ўсе дамовы будуць ануляваныя. Патэлефанавалі ў страхавую кампанію па ўдакладненні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі адбудзецца страхавы выпадак з вашае віны, а ў вас будзе нашая беларуская “зялёная карта”, то да ўвагі яна брацца не будзе. Ніхто замест вас гасіць шкоды пацярпеламу не будзе, гэта давядзецца рабіць з уласнае кішэні», – папярэдзілі ў страхавой.

«Зялёная карта» запэўнівае кіроўцу кампенсацыю шкоды ў выпадку дарожнай аварыі на тэрыторыі 50-ці краінаў-удзельніц пагаднення. Беларусь з яго выключылі за суўдзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі ва Украіне. Айчынныя страхавыя кампаніі пакуль не могуць сказаць, ці з’явіцца ў іх альтэрнатыўны механізм надання страхавых паслуг аўтамабілістам, якія збіраюцца за мяжу.

«Да 1 чэрвеня мы пішам. На 15 дзён, яшчэ на месяц можна. Да 31 траўня можна. А там яшчэ ніхто не ведае, можа, на мяжы будуць пісаць. Таму яшчэ пытанне адкрытае», – адказала нам прадстаўніца страхавой кампаніі.

Цяпер беларускія памежнікі ў большасці выпадкаў не выпускаюць беларускіх аўтамабілістаў за мяжу без аформленай «зялёнай карты». А як будзе з першага чэрвеня?

«Ніякіх рэкамендацыяў з гэтае нагоды ў нас няма. Нашыя памежныя службы павінныя будуць выпускаць вас без страхоўкі», – адказвае супрацоўніца страхавой кампаніі.

Прынамсі, калі не будзе ўведзены абавязковы збор, каб не страціць адлічэнняў у бюджэт.

«Гэта можа быць у выглядзе таго збору, які быў уведзены мясцовымі ўладамі Берасцейскай, Гарадзенскай, Віцебскай вобласцяў за перасячэнне мяжы. Добра, калі яны перададуць кампенсацыю страхавым кампаніям», – кажа гандлёвы агент у сферы транспартавання грузаў Павел.

«Тут самае галоўнае – не столькі, як гэта ўсё будзе афармляцца, а тое, што грошы будуць заставацца ў той краіне, у якую чалавек, грамадзянін Беларусі, на сваім аўто ўязджае. То бок ён не будзе сваёй беларускай страхавой кампаніі плаціць, а будзе польскай плаціць», – дадае сябра юрыдычнай службы БАЖ Уладзімір Лапцэвіч.

Са свайго боку польскія кампаніі ўжо рыхтуюцца зарабляць на страхоўках для беларускіх аўтамабілістаў. На памежных пераходах неўзабаве зʼявяцца дадатковыя акенцы страхавых кампаніяў. Паводле польскіх медыяў, яны маюць працаваць 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень. Таксама існуе магчымасць набыць страхоўку праз тэлефон ці інтэрнэт. Каштаваць будзе ад 17 да 25 еўраў у залежнасці ад тэрміну, на які афармляецца дакумент.

«Ведаеце, якія чэргі цяпер на мяжы Беларусі і Польшчы, 20 хвілін ці паўгадзіны на афармленне гэтай паперы на пераходзе – ужо не будзе той праблемы, якую мы маем на нашых межах», – кажа Павел.

Дадатковыя пункты страхавання будуць зʼяўляцца таксама на межах Латвіі ды Літвы з Беларуссю. Гэтак у беларусаў прынамсі будзе выбар, якую аўтамабільную страхоўку і за якую цану набыць.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»