Атракцыён нябачанай шчодрасці! Абяцанкі сацыяльнай падтрымкі склалі асноўны змест прэзідэнцкага паслання Федэральнаму сходу.
«Галоўнае цяпер, канечне ж, забяспечыць рост рэальных даходаў грамадзянаў, аднавіць яго і забяспечыць далейшы рост, дамагчыся адчувальных змяненняў у барацьбе з беднасцю. Даручаю ўраду да 1 ліпеня падрыхтаваць цэласную сістэму захадаў падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Задача – звесці да мінімуму пагрозу беднасці для такіх семʼяў», – адзначыў Пуцін.
Малазабяспечаным няпоўным сем’ям Пуцін паабяцаў 70 долараў выплатаў, цяжарным жанчынам у цяжкай матэрыяльнай сітуацыі – па 80 долараў, усім сем’ям са школьнікамі – аднаразовую выплату 130 долараў. А выдаваць грошы пачнуць акурат да вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму.
Пуцін закрануў і тэму эпідэміі каронавіруса. Пахваліўся адразу трыма распрацаванымі ў Расеі вакцынамі, якімі, што праўда, жыхары краіны прышчапляцца не спяшаюцца.
«Калі ласка, яшчэ раз звяртаюся з заклікам да ўсіх грамадзянаў Расеі: зрабіце прышчэпку. Прашу вас берагчы сябе і сваіх блізкіх, максімальна адказна выконваць усе рэкамендацыі лекараў і санітарных службаў», – сказаў Пуцін.
Пры гэтым пра здароўе Аляксея Навальнага, за лёсам якога назірае ўвесь свет, Пуцін не сказаў ні слова. Зняволены апазіцыянер 22 дні трымае ў калоніі галадоўку і патрабуе надаць яму неабходную медычную дапамогу.
«Гэта поўнае беззаконне, якое здзяйсняецца на вачах усіх. І, у прынцыпе, усе гэта цудоўна ведаюць. Толькі нехта не хоча прызнаваць, думае, што гэта яго ніколі не будзе датычыць. Але тым не менш, калі датычыць аднаго чалавека, то раней ці пазней кране і ўсіх», – кажа ўдзельніца пратэсту.
З заклікам выратаваць і вызваліць Навальнага тысячы расейцаў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў. Масква, Санкт-Пецярбург, Іркуцк, Новасібірск, Перм, Екацярынбург і дзясяткі іншых расейскіх гарадоў далучыліся да акцыі салідарнасці з Аляксеем Навальным. Хаця яшчэ да пачатку акцыяў улады правялі канцэнтраванае інфармацыйнае запалохванне патэнцыйных удзельнікаў пратэстаў. Да актывістаў прыходзілі з ператрусамі, адбываліся прэвентыўныя затрыманні, студэнтам на час пратэстаў прыдумлялі адпрацоўванні ды кантрольныя. Улады перакрывалі цэнтры гарадоў, спынялі рух транспарту.
«Людзі баяцца затрыманняў, вельмі шмат паліцыі», – адзначае ўдзельнік пратэсту.
Пратэстоўцы мянялі месцы збору, але з вуліцаў не сыходзілі. У паўсотні гарадоў адбыліся затрыманні ўдзельнікаў пратэсту.
Пасля гэткага здушэння пратэстаў заўтра ў Маскве мае адбыцца сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Сёння гаспадар Крамля чарговы раз падтрымаў беларускага калегу, а таму, як мяркуюць эксперты, заўтра Лукашэнка мусіць выказаць удзячнасць: падпісаць дарожныя мапы аб інтэграцыі.
Вольга Старасціна