Вучэнні скончыліся, расейскія войскі засталіся. Ці надоўга?


Беларускі Генштаб проста цытуе Крэмль у афіцыйных заявах. Сёння генерал-маёр Віктар Гулевіч – начальнік Генеральнага штабу – заявіў, што Беларусь расцэньвае пашырэнне НАТО на ўсход, як агрэсіўную палітыку, якая падвышае верагоднасць вайны. А расейскія войскі ўжо афіцыйна застаюцца на тэрыторыі Беларусі. Офіс Святланы Ціханоўскай заклікаў неадкладна вывесці расейскія войскі, бо іх прысутнасць парушае суверэнітэт Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларуска-расейскія вучэнні скончыліся, а расейскія войскі дамоў не збіраюцца. Яны застануцца ў Беларусі столькі, колькі трэба, заявіў беларускі міністр абароны Віктар Хрэнін.

«У адпаведнасці з рашэннямі нашых кіраўнікоў дзяржаваў правяранне сілаў рэагавання Саюзнай дзяржавы будзе працягнутае», – заявіў міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін.

Войскі так званай Саюзнай дзяржавы застаюцца, каб не дапусціць вайны, заяўляюць у беларускім абаронным ведамстве і намякаюць: расейцы выйдуць, калі Захад адвядзе ад беларускіх межаў войскі NATO.

«Тое, што расейскія войскі застаюцца ў Беларусі, відавочна, крамлёўскае рашэнне. Лукашэнка гэта прадчуваў перад тым, як ляцець у Маскву на перамовы з Пуціным. Ён вельмі няўпэўнена выказваўся наконт тэрмінаў знаходжання расейскіх войскаў. Стала зразумела, што вырашаць будзе, як Лукашэнка кажа, старэйшы брат», – перакананы палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

У офісе Святланы Ціханоўскай патрабуюць неадкладна вывесці расейскія войскі. Тут перакананыя: Расея не толькі ўцягвае нашую краіну ў сваю вайну, ператварае Беларусь у агрэсара, але і парушае суверэнітэт нашай краіны.

«Для Беларусі няма ніякіх пагрозаў ні з боку Літвы, ні з боку Латвіі, ні Украіны, ні Польшчы, і ніякай неабходнасці ў знаходжанні расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі абсалютна няма. Дадам таксама, што за мінулы, 2021 год Лукашэнка неаднаразова саступаў Расеі ў тым, каб яна магла рэалізоўваць свае інтарэсы на нашай тэрыторыі», – падкрэсліў кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Як доўга расейскія войскі застануцца ў Беларусі, невядома. Паводле расейска-беларускага пагаднення, войскі Саюзнай дзяржавы могуць заставацца на тэрыторыі суседа не больш за два месяцы. Адзін месяц расейцы ўжо адбылі, адзначае вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін: «Яны могуць тут быць максімум месяц. Але я думаю, што тэрмін можа быць значна меншым, бо будуць заканчвацца матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, якія расейскі бок назапасіў для правядзення вучэнняў».

Аднак дамова дазваляе праводзіць ратацыю войскаў, гэта значыць, што на месца вайсковых частак, якія выехалі, могуць прыехаць новыя. Тым часам незалежныя тэлеграм-каналы паведамляюць аб прысутнасці расейскіх войскаў каля Ельску, Нароўлі, Брагіна і Хойнікаў непадалёк украінскай мяжы. На днях мясцовыя жыхары заўважылі калону тэхнікі Нацыянальнай гвардыі Расеі з Чачэніі, якая рухалася ў бок Нароўлі на машынах без нумароў.

Антон Каменскі, «Белсат»