Упершыню ў гісторыі Беларусі выбарчыя бюлетэні будуць каляровымі. Для чаго – запыталі экспертаў


Цэнтральная выбарчая камісія правярае выбарчыя ўчасткі, бо заўтра ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне на рэферэндуме Лукашэнкі. Беларускі дом друку ў сюжэце ОНТ дэманструе новыя бюлетэні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З чым гэта можа быць звязана? Супольнасць «Сумленныя людзі» разглядае дзве версіі.

«Гэта можа быць перашкодай для аднаго з магчымых сцэнароў, які быў у парадку дня. Людзі абмяркоўвалі выносіць бюлетэні з участку, перашкаджаць такім чынам правядзенню рэферэндуму. Напэўна, зялёны колер больш прыкметны. А другая, напэўна, самая папулярная версія, чаму зялёны колер – для таго каб не толькі людзі, але і чальцы камісіяў не бачылі, ці стаяць там крыжыкі ў двух варыянтах», – кажа лідарка суполкі «Сумлення людзі» Алена Жываглод.

Гаворка пра выпадак, калі падлік бюлетэняў загадаюць ажыццяўляць каляровым бокам дагары. Бо некаторыя чальцы камісіяў у 2020-м паведамлялі незалежным назіральнікам і платформе «Голас» сапраўдную колькасць галасоў за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Пытанне ж у бюлетэні будзе адно і толькі на расейскай мове: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?».

А на саміх участках будуць кабінкі без фіранак (нібыта праз антыковідныя абмежаванні), відэаназіранне і ўзмоцненая ахова. Задзейнічаюць і дадатковыя мабільныя групы, цытата, «у поўным экіпаванні».

Казаў на прэс-канферэнцыі ў пятніцу кіраўнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксандр Купчэня. Паводле яго, нібыта за намаганне сарваць рэферэндум завялі 9 крымінальных справаў. Ужо сёння КДБ паведаміў: выкрытыя некалькі груповак, у якія нібыта ўваходзілі ўладальнік фірмы, студэнт-першакурснік і ягоная маці, таксіст, працаўніца банку ды іншыя асобы. Як пазней напісаў праваабарончы цэнтр «Вясна», некаторых з іх ужо затрымлівалі за пратэсты 2010 і 2020 гадоў.

Нягледзячы на ўсё гэта офіс Святланы Ціханоўскай упэўнены: паставіць у бюлетэні два крыжыкі і зрабіць яго несапраўдным – гэта самы бяспечны для беларусаў спосаб выказаць уласную пазіцыю.

«Мы, як і раней, заклікаем людзей прыходзіць на рэферэндум, рабіць гэтыя бюлетэні несапраўднымі, падаваць гэтыя бюлетэні і потым адзначацца ў сістэме “Голас”», – тлумачыць спецыяльны прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях выбараў.

У спісах для галасавання значацца звыш шасці мільёнаў васьмісот тысячаў беларусаў. Назіраць за працэсам будуць амаль 40 тысячаў унутраных назіральнікаў, звыш сотні – ад СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацы. Заходніх назіральнікаў не пусцілі.

«Улады не вельмі моцна замарочваюцца наконт гэтай легітымнасці ў вачах усяго грамадства, а прыхільнікі самога Лукашэнкі прымуць любы варыянт гэтага галасавання», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Рэферэндум абыдзецца Беларусі ў больш як 20 мільёнаў рублёў.

Надзея Бельская, «Белсат»