«Рот закрый!..» Скандал у полацкай школе


«Чаму ў заплечніку? Вось Лера ў мяне папрасіла: можна не здаваць? Бо ёй цяжка туды хадзіць і забіраць. Чаму адныя дзеці здаюць, а ты не?

– Я не адна не здаю.

– Рот закрый! За сябе адказвай!..»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэткі запіс з’явіўся на тэлеграм-канале «Беларусь за мкадом». Яго нібыта апублікавалі бацькі вучняў сярэдняй школы № 8 у Полацку. Паводле звестак каналу, канфлікт паміж настаўніцай і вучаніцаю пачаўся пасля таго, як дзяўчынка не здала на захаванне свой тэлефон.

«Гэта сведчыць аб разбурэнні нармальнай, здаровай камунікацыі паміж настаўнікамі і вучнямі, і гэта – самае галоўнае, дарэчы. Калі гэтага не будзе, тады не будзе даверу, тады не будзе атмасферы і тады не будзе навучальнага працэсу», – кажа адмысловец у галіне адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін.

Наш эксперт зазначае: такія выбуховыя сітуацыі паказваюць, што грамадства – у стане крызісу і напружанасці. Асабліва, гэты стан паглыбіўся пасля выбараў і жорстка здушаных пратэстаў 2020 года. Такія думкі – у шмат каго з каментатараў на нашым тэлеграм-канале:

«Грамадства коціцца ў бездань, калі людзі з вышэйшай адукацыяй так размаўляюць з дзецьмі.

Грамадства коціцца ў бездань, калі розныя пачвары застаюцца непакаранымі. Калі будзе адказнасць за злачынства, тады размаўляць будуць іначай.

У Польшчы настаўнік сабе такога не дазволіць не праз страх перад пакараннем, а праз разуменне таго, што агрэсія не выхоўвае, а выклікае пачуццё адсутнасці павагі. Гэта ў Беларусі прынята жыць паводле закону смецця: «Нам не трэба, каб нас паважалі. Нам трэба, каб нас баяліся».

На думку псіхолага Алы Марціновіч, настаўнікі належаць да катэгорыі асобаў, якія найчасцей прафесійна знясільваюцца:

«Я адпрацавала 15 гадоў з імі і назірала пэўную дынаміку. Калі была працаўніком псіхіятрычнай больніцы, хачу вам сказаць, што аддзяленне неўрозаў дзесьці на адсоткаў 60 запоўненае педагагічнымі працаўнікамі».

Пры гэтым, ні ў якім разе «выгаранне» не можа апраўдаць агрэсіўных паводзінаў настаўніка ў дачыненні вучняў, кажа Ала Марціновіч. З ёю пагаджаецца і Андрэй Лаўрухін:

«Гэта – падлеткі, гэта – дзеці, ўсё роўна, гэта – прафесійны кодэкс. І калі ён так парушаецца, то гэта – сапраўды, край. Гэта – край!.. І тут ніякіх апраўданняў да настаўніка ці настаўніцы няма».

Падобныя ж выпадкі ў школах становяцца вядомымі грамадскасці не ўпершыню. Гэтак, рэзананснаю была сітуацыя ў 2019 годзе ў Гомельскай школе № 15. Настаўніца мацюкамі пагражала вучню і замахвалася на яго партаю.

Запіс з’явіўся ў сацыяльных сетках. Настаўніцу звольнілі, але пасля таго, як за яе заступіўся Лукашэнка, аднавілі на працы, затое пасадаў пазбавіліся пяцёра чыноўнікаў і дырэктар школы.

«Гэта быў абуральны выпадак. Я тады працавала ў ВНУ, і нам прыйшла дырэктыва гэта абмеркаваць з усімі групамі настаўнікаў, якія ў той час вучыліся ў нашым інстытуце. І паверце, калі мяне слухае гэтая настаўніца, ніхто яе не падтрымаў. Усе супрацоўнікі ВНУ, гарвыканкамаў, аблвыканкаму асудзілі паводзіны такога настаўніка», – узгадвае Ала Марціновіч.

Днямі ж, медыі напісалі пра яшчэ адзін інцыдэнт: гэтым разам у Баранавіцкай школе № 17. Настаўніца нібыта дала вучню аплявуху. Паведамляюць, што гісторыя мела месца яшчэ летась у траўні. Настаўніцу часова адхілілі ад працы, адметна, што бацькі хлопца сталі на ейны бок.

Алесь Яшчанка, «Белсат»