ЦВК дазволіла датэрміновае галасаванне на рэферэндуме


Цэнтральная выбарчая камісія пастанавіла, што прагаласаваць на рэферэндуме за ці супраць зменаў у Канстытуцыю можна будзе і датэрмінова, пачынаючы ад 21 лютага. Тым часам сваю стратэгію дзеянняў прапаноўваюць і дэмакратычныя сілы Беларусі, якія таксама заклікаюць прыйсці на ўчасткі для галасавання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я вельмі перажываю. Я перажываю за тое, што, ну а раптам, нешта не атрымаецца! Зноўку ж адказнасць на мне будзе», – заявіў сёння Лукашэнка.

А каб усё на Лукашэнкавым рэферэндуме «атрымалася», Цэнтральная выбарчая камісія надрукуе больш за 7 мільёнаў бюлетэняў, што на 4 адсоткі больш за колькасць выбарнікаў. План вызначылі на першым паседжанні новага складу Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Тым часам рыхтуюцца да галасавання наконт зменаў у цяперашнюю Канстытуцыю і прыхільнікі пераменаў у нашай краіне. У Вільні адбылася супольная канферэнцыя дэмакратычных сілаў Беларусі, на якой была прадстаўленая стратэгія і план дзеянняў у часе рэферэндуму.

«Прыходзіць на ўчасткі, рабіць бюлетэні несапраўднымі (не блытаць з сапсаванымі!), паставіўшы крыжыкі ў кожнай ячэйцы, у кожным варыянце галасавання – гэтак бюлетэнь стане несапраўдным. Апусціць яго ў скрынку і затым пацвердзіць сваё дзеянне ў онлайне», – тлумачыць лідарка супольнасці «Честные люди» Алена Жываглод.

Святлана Ціханоўская абвясціла пра стварэнне аператыўнага штабу ў справе рэферэндуму. Да супольнай працы заклікаюцца ўсе ахвотнікі. У тым ліку – і чальцы выбарчых камісіяў, падкрэслівае лідарка супольнасці «Честные люди» Алена Жываглод.

«Калі гэта чальцы выбарчых камісіяў, то мы запрашаем іх да супрацы. Калі вас запрашаюць у выбарчую камісію, магчыма, пад ціскам (і такая інфармацыя ў нас ёсць), мы заклікаем пагаджацца. Магчыма, гэта дзіўна гучыць, але пагаджацца і рабіцца сумленным сведкам, намагацца замінаць фальсіфікацыям знутры», – кажа Жываглод.

Падрабязны план дзеянняў у часе рэферэндуму ініцыятары кампаніі абяцаюць распаўсюдзіць толькі за два тыдні да галасавання, каб не даваць рэжыму дадатковага часу падрыхтавацца. Аднак і сёння ўжо можна далучыцца да працы, у тым ліку ў распаўсюдзе інфармацыі сярод суайчыннікаў. Дзеля гэтага дэмакратычныя сілы запусцілі адмысловы сайт xx2022.org. Да актыўнасці запрашаюць і прыхільнікаў байкоту – зайсці на платформу «Голас» і выказаць уласнае меркаванне.

«Можна пайсці і зрабіць нешта праз сваю актыўную пазіцыю. І можна застацца дома, і тады ў краіне ўвогуле нічога не будзе змяняцца яшчэ амаль дзесяцігоддзе. Толькі беларусы сваёю актыўнасцю могуць нешта змяніць. І яны павінны бачыць, што яны – сіла, што іх шмат!» – кажа заснавальнік ініцыятывы «Зубр» Павел Марыніч.

Сачыць за хадою галасавання будуць толькі праўладныя назіральнікі і госці з СНД. Незалежных назіральнікаў і прадстаўнікоў АБСЕ рэжым на ўчасткі не пусціць. Менавіта таму кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвясціла запуск экспертнай місіі ў назіранні за рэферэндумам.

«Кампанія не бачыць магчымасці арганізоўваць, як раней, поўнамаштабнага назірання за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання падчас правядзення абвешчанага рэферэндуму наконт прыняцця зменаў і дадаткаў у дзейную Канстытуцыю. Гэта вымушаная мера, абумоўленая асцярогай за бяспеку назіральнікаў», – адзначаецца ў заяве кампаніі.

Рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю прызначаны на 27-га лютага сёлета. Дэмакратычныя сілы Беларусі называюць яго чарговаю праяваю беззаконнасці і спробаю Лукашэнкі захаваць уладу ды заклікаюць суграмадзянаў сарваць рэферэндум, зрабіўшы свае бюлетэні несапраўднымі.

Валера Руселік, «Белсат»