200 тысячаў чалавек выйшлі на Бела-Чырвоны марш у Варшаве


Польша адзначыла 100 гадоў аднаўлення Незалежнасці.

Стагоддзе адноўленай дзяржаўнасці. 25 сакавіка святкавалі беларусы, сёння, 11 лістапада, святкуюць палякі. Усё той жа 1918 год. Ваенная завіруха разбурала межы імперыяў і давала паняволеным народам шанцы на незалежнасць.

Менавіта заканчэнне Першай сусветнай вайны стварыла рэальныя магчымасці для польскай самастойнасці пасля 123 гадоў няволі.

«Юзэф Пілсудскі вярнуўся з нямецкай турмы ў Варшаву 10 лістапада. 11-га рэгенцкая рада перадала яму ўладу над войскам, пазней – над усёй дзяржаўнай адміністрацыяй» – зазначае прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Лешэк Заштаўт.

Свята 11 лістапада з’явілася ў польскім календары толькі ў 1937 годзе. Пасля ж ІІ сусветнай камуністы скасавалі памятную дату з дзяржаўнага календара. Афіцыйна Дзень Незалежнасці вярнуўся ў 1989 годзе.

У сваёй прамове ля магілы Невядомага жаўнера прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшанаваў герояў барацьбы за незалежнасць, а таксама заклікаў суграмадзянаў адчуваць адказнасць за лёс уласнай краіны:

«Хацеў бы, каб праз 100 гадоў людзі, нашчадкі, гледзячы на Айчыну, казалі: так, гэтыя людзі сто гадоў таму таксама добра служылі Польшчы. Гэтыя людзі таксама былі адказнымі гаспадарамі ў сваёй краіне, былі адказнымі грамадзянамі».

Сярод бела-чырвонага мора на варшаўскіх вуліцах можна было сёння сустрэць і беларускі сцяг.

«Я як ветэран дэмакратычнага руху. Першыя ўлёткі, якія я распаўсюджваў, былі надрукаваныя на станку, якія перадала нам польская «Салідарнасць» у Гомель» – узгадвае рэдактар Алесь Карніенка.

Стагоддзе незалежнасці ў Польшчы адзначаюць сотняю розных спосабаў: канцэрты, марафоны, пікнікі.

Але бадай што найбольш масавай імпрэзаю стаўся Марш Незалежнасці, зарганізаваны ў польскай сталіцы прэзідэнтам і прэм’ерам супольна з правымі арганізацыямі.

Паводле паліцыі, у шэсці ўзялі ўдзел рэкордныя 200 тысячаў чалавек.

«Гэта ўвесь час актуальна. Калі б не было Незалежнасці 100 гадоў таму, не было б яе і цяпер», – дзеляцца з «Белсатам» удзельнікі Бела-Чырвонага шэсця. – Гэта адзіны і непаўторны момант, калі мы можам адзначаць стагоддзе!»

Адзначаў сёння свята і Саюз палякаў у Беларусі. Супольнасць зарганізавала шэраг імпрэзаў у Горадні, Менску, Берасці ды Смаргоні.

Між тым, польскасць была бачная і яшчэ далей.

Свет віншуе Польшчу

Гара трох крыжоў у Вільні, ратуша ў Тэль-Авіве, Эйфэлева вежа ў Парыжы ды нават шпілі ў Кувейце – мноства знакавых месцаў па ўсёй планеце засвяцілася бела-чырвонымі колерамі.

Вітаўт Сіўчык