20 гадоў Пуцін кіруе Расеяй


Ад малавядомага дырэктара ФСБ да прэзідэнта Расеі і аднаго з самых супярэчлівых палітыкаў сучаснасці. 20 гадоў таму Уладзімір Пуцін узначаліў расейскі ўрад. Якім чынам нязменны расейскі кіраўнік змяніў стасункі афіцыйнай Масквы і Менску?

20 гадоў таму Барыс Ельцын паставіў на чале расейскага ўраду тагачаснага кіраўніка ФСБ Уладзіміра Пуціна. Праз паўгода непрыкметны сілавік ужо стаў выканальнікам абавязкаў прэзідэнта Расеі. Менавіта ён разбіў амбітны план кіраўніка Беларусі ўскараскацца на расейскі палітычны Алімп.

«Лукашэнка пры канцы 90-х гадоў быў проста апантаны гэтаю ідэяй: трапіць у Крэмль, заняць месца старога ды нямоглага Барыса Ельцына. Менавіта ў сувязі з гэтым і была падпісаная вялікая інтэграцыйная дамова ў 1999 годзе», – распавядае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Мухі асобна, катлеты асобна» – заявіў Пуцін у 2002 годзе. Хочаце атрымліваць танныя энерганосьбіты – аб’ядноўвайцеся з намі. Хочаце захаваць суверэнітэт – купляйце нафту і газ паводле сусветных цэнаў.

«Пуцін прыйшоў ужо ў той фазе, калі ў Маскве вырашылі: хопіць ужо гульняў! Трэба браць беларускага «кліента» за чупрыну і казаць: «Давай, расплочвайся за нашыя падарункі!» – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Рэакцыяй стала не паглынанне Беларусі, а няспынныя сваркі суседзяў. З 2003 года Менск і Масква сварыліся вакол цаны на газ і нафту не менш за шэсць разоў. На змену «цукровым» прыйшлі «яблычныя» ды «мяса-малочныя войны». Субсідыі Масква скарачае павольна, але няўхільна. Менск шукае новыя рынкі – у Афрыцы, Азіі ды Лацінскай Амерыцы.

«З гэтага амаль нічога не атрымалася. Выбраўшы гэты кірунак, Лукашэнка страціў час, каб выйсці на еўрапейскія цывілізаваныя рынкі. […] Як былі ў вонкавым гандлі Беларусь і Расея найбольш цеснымі партнёрамі, так і засталіся», – тлумачыць філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Такое ж халоднае партнёрства настала і ў вонкавай палітыцы. Войны Расеі супраць суседзяў: спачатку Грузіі, а затым Украіны – гэта, на думку Аляксандра Класкоўскага, прымусіла Лукашэнку трымацца далей ад Крамля. Найбліжэйшы саюзнік Масквы не прызнаў ні Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі, ні анексіі Крыму. Ці падзяляюць засцярогі звычайныя беларусы?

«Я думаю, што мы ўсё ж сябры! Мне так падаецца. Чаму так раптам на Пуціна ўсе напалі?»

«Напэўна, вораг! Як па яго адносінах да Украіны – мне ён не падабаецца».

«Я б не казаў, што вораг! Усё-такі былы Савецкі Саюз, пры цары таксама. Святая Русь была!»

«Калі казаць пра Пуціна, то трэба казаць пра сучасную Расею. Мы бачым, што сучасная Расея перабывае і ў вонкавым крызісе, і ў глыбокім унутраным крызісе», – гавораць жыхары Бабруйску.

6-гадовы застой у эканоміцы і міжнародная ізаляцыя. Як сведчыць «Левада-центр», дзеянні Пуціна падтрымліваюць ужо менш за траціну расейцаў. На замену эйфарыі ад анексіі Крыму і бразгання зброяй прыйшла стомленасць.

Дзмітрый Салоннікаў, Інстытут сучаснага развіцця, Масква:

«Стомленасць ад таго, што ўлады не могуць запрапанаваць новай светлай будучыні. Няма ніякага праекту, які можна паказаць цяпер і сказаць: Заўтра мы будзем жыць інакш! І гэта будзе жадана для ўсіх!»

Паводле канстытуцыі, Уладзімір Пуцін павінны пакінуць пасаду прэзідэнта Расеі ў 2024 годзе. Шанец захаваць уладу – стварыць з Беларуссю Саюзную дзяржаву і ўзначаліць яе – пачалі пісаць сёлета расейскія, украінскія і амерыканскія публіцысты.

«Як толькі выпадае нагода, імперскія памкненні Расеі ажыццяўляюцца: або ў ваенным выглядзе, як гэта было ў Грузіі ды Украіне, або ў форме эканамічнага падпарадкавання, як гэта працуе ў дачыненні Беларусі», – дадае філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Змяніць уласную канстытуцыю Крамлю прасцей, чым дамагчыся, каб Лукашэнка аддаў уладу – каментуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Таму вельмі верагодна, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін – «зацятыя саюзнікі», якія кіруюць сваймі народамі больш за 20 гадоў, – сустрэнуцца за сталом перамоваў і пасля 2024 года.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Eduard Korniyenko / Reuters / Forum