У Менску судзяць чальцоў БКДП


У Менскім гарадскім судзе чыняць судзілішча над трыма прадстаўнікамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Аляксандру Ярашуку, Сяргею Антусевічу і Ірыне Бут-Гусаім інкрымінуюць так званы народны артыкул за ўдзел у пратэстах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія незалежныя прафсаюзы рэжым масава граміў сёлета ў красавіку. Усяго тады затрымалі 15 чалавек. Паводле сябра рады БКДП Дзяніса Садоўскага:

«Гэта быў замах, знішчэнне ўсіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Арыштавалі не толькі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, але таксама разграмілі і арыштавалі лідараў усіх незалежных прафсаюзаў, а іх чатыры ў Беларусі».

Старшыню ж БКДП Аляксандра Ярашука дадаткова абвінавачваюць і ў закліках да санкцыяў, што нібыта нанесла шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Абвінавачванне выглядае абсурдным, калі ўлічваць, што Аляксандр не раз публічна выступаў супраць ужывання санкцыяў як інструменту ціску на рэжым. Праваабаронца Зміцер Салаўёў кажа:

«Пазіцыя Ярашука была вядомая. Адзінае, што ў рэпартажы, які прыйшоў з суду, напісана, што яны прызналі віну.Насамрэч гэта амаль як у 1937 годзе, калі з абвінавачаных выбівалі нейкія прызнальныя паказанні».

БКДП аб‘ядноўваў Свабодны прафсаюз Беларусі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз. З 1993 года ён каардынаваў абарону правоў беларускіх рабочых. У тым ліку на міжнародным узроўні. Сёлета ж у ліпені Вярхоўны Суд спыніў дзейнасць кангрэсу. Фармальная прычына – удзел кіраўніцтва і чальцоў арганізацыі ў так званай дэструктыўнай дзейнасці, распаўсюджванне экстрэмісцкай прадукцыі. А што цяпер з правамі беларускіх рабочых?

«Незалежныя прафсаюзы трансфармавалі сваю дзейнасць. Зараз аказваецца юрыдычная, кансультацыйная, прававая дапамога праз онлайн-фармат, праз тыя сродкі, якія былі, праз тэлеграм-каналы, праз сайты звязацца можна з незалежнымі прафсаюзамі, і мы па-ранейшаму аказваем кансультацыйную дапамогу ўсім, хто яе запытвае», – распавядае Дзяніс Садоўскі.

Што да перспектываў суду над чальцамі прафсаюзу, то ні ў калегаў, ні ў праваабаронцаў няма надзеі на справядлівы вынік справы. Лукашэнкаўскія судовыя клеркі пакуль працуюць па-стаханаўску. Праваабаронца кажа:

«З’явілася інфармацыя, што яны прызналі віну. Я ж кажу, я ў такія прызнанні віны не веру, шчыра кажучы. Я думаю, што гэта ўсё выбіта пагрозамі. Пагрозамі, што прыменяць іншыя нейкія артыкулы, умовамі ўтрымання. Я лічу, што на гэта не варта звяртаць увагі».

Факты толькі за сёння. У Вярхоўным Судзе разглядалі апеляцыйную скаргу журналіста Дзяніса Івашына. У выніку вырак пакінулі без зменаў: 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму. За абразу Лукашэнкі і лукашэнкаўскай сімволікі на тры гады «хіміі» асуджаны былы «афганец» з Баранавічаў Генадзь Борыс. Тры гады «хатняй хіміі» ды забарону на прафесію далі менскай экскурсаводцы Аксане Манкевіч за ўдзел у пратэстах. У Менску ж пачалі судзіць Арцёма Забелянкова, які на адной з акцыяў пратэсту нібыта ўжыў ґвалт да працаўніка СТВ Азаронка.

Вядомую ж палітзняволеную праваабаронцу Насту Лойку вінавацяць у арганізацыі шпіёнскай агентурнай сеткі. Такой фармулёўкай служкі рэжыму ў сваім так званым расследаванні акрэслілі праваабарончую арганізацыю «Human constanta». Саму ж арганізацыю вінавацяць, удумайцеся толькі, у цеснай супрацы з Камітэтам правоў чалавека ААН.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»