Газ, крэдыты і зброя – Навошта Пуцін лятаў у Менск?


Пуцін пазычыць грошай Лукашэнку, каб Лукашэнку было чым аддаваць ранейшыя пазыкі Пуціну. Як паведаміў кіраўнік савету міністраў Раман Галоўчанка па выніках візіту Уладзіміра Пуціна ў Менск, Расейская Федэрацыя дапамагае ў рэструктурызацыі доўга Беларусі перад расейскімі ж фінансавымі інстытутамі. Але дакладную суму яшчэ палічаць. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Афіцыйна галоўны вынік перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, што доўжыліся 2 з паловай гадзіны, – гэта ўрэгуляванне коштаў на энерганосьбіты. Старшыня Савету міністраў сёння заявіў, што ёсць дамоўленасць аб аб’ёмах нафты, і Расея пагадзілася з прапанаваным коштам на прыродны газ.

«Яна (цана) выгадная, камфортная для Беларусі, і ў бліжэйшы час адпаведныя міністэрствы падпішуць камерцыйныя пагадненні на пастаўку прыроднага газу ў РБ. Прычым хіба ўпершыню кошт будзе зафіксаваны на трохгадовы перыяд», – заявіў прэмʼер-міністр А. Лукашэнкі Раман Галоўчанка.

Але тэматыка бяспекі і абароны пераважвала ў перамовах. Не дарма Пуцін прывёз з сабой міністраў Сяргея Шайгу і Сяргея Лаўрова.

«Хаця было заяўлена, што галоўнай тэмай будзе эканоміка, галоўнай тэмай была вайна, пастаўкі расейскай зброі ў Беларусь. Гэта далейшае ўцягванне ў вайну, у якой Беларусь і так ужо ўдзельнічае», – падсумоўвае сузаснавальнік REFORM.BY Аляксандр Атрошчанкаў.

Аляксандр Лукашэнка нават пажартаваў пра баявыя дзеянні ва Украіне.

«Мы ідзем насустрач РФ у самы цяжкі час. Вы ж ведаеце, мы ўдвох – суагрэсары. Самыя шкодныя, таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка – хто больш? Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. А я пачынаю думаць, што ён», – жартаваў беларускі дыктатар.

Лукашэнка на ўсе сустрэчы возіць з сабой белага шпіца, але з Пуціным у Менск прыляцеў іншы пустабрэх. Аляксандр Юнашаў, журналіст пракрамлёўскага парталу Life.ru, быў у пуцінскім пуле ў 2015-м на Менскіх перамовах. Тады ён накінуўся на ўкраінскіх журналістак і аббрахаў іх у літаральным сэнсе.

Тады Аляксандра Юнашава выдалілі з Палацу Незалежнасці за хамства. Але з пулу пуцінскай прэсы не выдалілі, таму ён прысутнічаў і на гэтых перамовах.

Пытанні журналістаў пра паглынанне Беларусі Расеяй Уладзімір Пуцін пракаментаваў так: такіх планаў няма.

«У Расеі няма зацікаўленасці каго-кольвек паглынаць, проста няма мэтазгоднасці ў гэтым. Гэта спробы нашых недобразычліўцаў затармазіць наш інтэграцыйны працэс. А робяць яны гэта толькі для таго, каб не атрымаць эфектыўных і небяспечных для іх канкурэнтаў на сусветных рынках», – заявіў Пуцін.

«Гэтая заява – верх іроніі, якая ідзе ад лідара, што проста ў гэты момант спрабуе гвалтоўна праглынуць іншага, мірнага суседа. Мы ўжо чулі падобныя заявы ад Уладзіміра Пуціна. І ў той жа час за некалькі тыдняў да пачатку гэтага канфлікту мы бачылі, як рэжым Лукашэнкі фактычна саступае Расеі незалежнасць Беларусі. Мы бачылі, як расейскія войскі збіраліся на тэрыторыі, якая мусіла быць суверэннай беларускай тэрыторыяй. Мы бачылі пускі з тэрыторыяў, якія мусілі быць суверэннай тэрыторыяй Беларусі», – пракаментаваў гэтыя заявы прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра супрацу ў фінансавай сістэме ў межах ЕўрАзЭС, а таксама пра сумесную вытворчасць узбраенняў, ваенна-прамысловую кааперацыю Расеі і Беларусі.

«Лічу магчымым працягнуць і рэалізацыю прапановаў прэзідэнта Беларусі аб падрыхтоўцы экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія ўжо пераабсталяваныя для магчымага ўжывання боепрыпасаў паветранага базавання са спецыяльнай баявой часткай», – пагражаў Пуцін, не ўдакладняючы, ці ідзе гаворка пра ядравую зброю.

Гаворка ішла пра стварэнне адзінай абароннай прасторы.

«Асаблівая вам падзяка і не толькі ад мяне, і не толькі ад вайскоўцаў за тое, што вы выканалі сваё абяцанне. Мы сёння паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400, які вы перадалі Беларусі. І самае галоўнае, комплекс “Іскандэр”, які вы таксама, паабяцаўшы паўгода таму, перадалі нам», – дзякаваў Лукашэнка Пуціну.

«Ці надае Беларусь дадатковае падтрыманне вайне Пуціна ва Украіне – на гэта мы будзем шчыльна звяртаць увагу, і калі пабачым патэнцыял для гэтага, то адрэагуем адпаведным чынам, уводзячы дадатковыя абмежаванні, каб рэжым Лукашэнкі нёс адказнасць за саўдзел у вайне супраць Украіны», – пракаментаваў гэтыя перамовы прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

Раман Галоўчанка, які раней кіраваў Вайскова-прамысловым камітэтам Беларусі, сёння агучвае вынікі гаспадарчых дамоўленасцяў з Расеяй.

«Мы мусім праз прамысловасць вырашыць задачу, якую ставяць прэзідэнты – забяспечыць тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі нашых краінаў», – патлумачыў прэмʼер-міністр А. Лукашэнкі.

Паводле прэмʼера, на перамовах удалося пазычыць грошай на праграмы імпартазамяшчэння, каб пераарыентаваць беларускую вытворчасць на расейскі рынак.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»