Толькі менскім медустановам бракуе 1000 сясцёр і 835 дактароў. Праз палітычныя звальненні і працоўную эміграцыю кадравы голад у медычнай сістэме паглыбіўся прыкладна на 15 %. Палітычны рэжым аднак толькі ўзмацняе кампанію звальненняў іншадумцаў з дзяржустановаў і прадпрыемстваў. Дэдлайн – канун запланаванага на люты 2022 года Канстытуцыйнага рэферэндуму. Як дзяржава спаяе занятасці?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Працаўнікі прадпрыемства «Горадня-Азот» адныя з першых зазналі палітычныя звальненні. Бо аднымі з першых выйшлі на пратэст. Міліцыя і КДБ унеслі ў спісы на звальненне ўсіх, каго ідэнтыфікавалі праз відэа ці сацсеткі.
Прадстаўнік «Рабочага руху» Юрый Рававы кажа:
«Ужо зараз зразумела, пасля размоваў з людзьмі, якія трапілі ў гэтыя спісы, што людзі гатовыя ісці да канца. Што яны не будуць уносіць у патрабаванні, каб іх не звольнілі. Хочуць каб вярнулі з-за кратаў палітвязняў менавіта з іхных прадпрыемстваў».
Паводле крыніцаў «Белсату» і іншых незалежных медыяў – цяпер у ва ўсе дзяржаўныя арганізацыі і ўстановы з КДБ прыйшлі спісы грамадзян, якіх дзяржава хоча пазбавіць права на працаўладкаванне. Звальняюць у сярэднім каля 20 % працаўнікоў.
Палітолаг Алесь Папко кажа:
«Кіруюць звальненнямі аддзелы ўнутранай бяспекі альбо асобы – намеснікі кіраўнікоў па ўнутранай бяспецы. Гэтая пасада з’явілася ў 2021 годзе на большай частцы беларускіх дзяржаўных установаў».
З афіцыйнай статыстыкі вынікае, што ў шэрагу галінаў эканомікі, а таксама медыцыне і адукацыі пачынаецца кадравы голад. Толькі ў сталіцы дэфіцыт лекараў за 11 месяцаў года паглыбіўся на 11 %, медсясцёр – на 17 %. Свабодныя вакансіі для 780-ці інжынераў, 665-ці кухараў. Не стае прадаўцоў, выхавацеляў і гэтак далей.
Палітолаг Андрэй Ягораў супакойвае:
«У Беларусі вельмі вялікі прыватны сектар, куды могуць сысці людзі і патрэбныя людзі з такімі кампетэнцыямі. Ну і ёсць такая дынаміка, што адных людзей могуць звольніць, але яны могуць працаўладкавацца ў другім месцы пасля таго як гэтыя чысткі скончацца».
Лукашэнка адкрыта ачольвае кампанію звальненняў з калектываў нелаяльных да яго людзей. Сустрэчы з актывам абласцей пачынае з апытання мясцовага кіраўніцтва КДБ:
«Мяркую, нейкіх нечаканых момантаў у нас тут не будзе», – запэўнівае супрацоўнік КДБ у Магілёўскай вобласці.
Лукашэнка перадасцерагае:
«Мы самасупакоіліся. Каб не адбылося такое зараз… каб нам не давялося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць»…
Лукашэнка патрабуе ціхай рэакцыі грамадства на вынікі лютаўскага Канстытуцыйнага рэферэндуму. Палітычныя чысткі праводзіць і сярод «сваіх». Сёння пасыпаліся з пасадаў службоўцы Міністэрства замежных справаў.
«Хацеў бы вас папярэдзіць аб немагчымасці нейкай тынкоўкі вонкавапалітычнага ведамства».
Задача і дэдлайн усталяваныя і перад так званымі праваахоўнымі органамі. Ініцыятыва BYPOL паведаміла, што толькі ў цэнтральным апараце Аддзелу Унутраных справаў з амаль тысячы асобаў маюць звольніць палову.
Але ёсць месцы, дзе бачым рух назад. Гэта прадпрыемствы, дзе ўвялі санкцыі і лічаць страты.
«Каб не замыкаць прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі, і дзе зламалася ўжо не адна схема абыходу санкцыяў, прыпыняюцца гэтыя звальненні. Менавіта на «Горадня-Азот» адбываецца зараз так», – паведаміў Юрый Рававы.
Такім чынам санкцыі – дзейны рычаг уплыву на рэпрэсіўны рэжым. Сёлета ў невялікім маштабе. Налета – у поўную моц.
Юлія Цяльпук, «Белсат»