У Калінінградзе ўсталявалі помнік Міхаілу Мураўёву


У Калінінградзе адкрылі помнік Міхаілу Мураўёву – паменшаную копію скульптуры, што з 1898-га да 1915-га стаяла ў Вільні. Ініцыятарам усталявання бронзавай статуі вышынёю два з паловаю метры стаў калінінградскі губернатар Антон Аліханаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта сапраўды першы помнік Міхаілу Мікалаевічу ў наш новы час», – заявіў чыноўнік.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, помнік размясцілі на вуліцы Озерава, на тэрыторыі корпусу Балтыйскага федэральнага ўніверсітэту імя Імануіла Канта. Але калі звярнуць увагу на атачэнне, бачна, што статуя стаіць насупраць Генеральнага консульства Літвы.

«На жаль, гісторыя, гістарычная барацьба – гэта частка гібрыднай вайны, якую вядзе зараз Расея з Польшчаю ды іншымі краінамі Еўропы», – кажа палітолаг Пётр Касьціньскі.

Напрыканцы 19-га стагоддзя той першы помнік Міхаілу Мураўёву ў Вільні паставілі нездарма. Ён вядомы русіфікацыяй заходніх вобласцяў, акупаваных расейскім войскам пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.

«Ён здушваў сілы ў гэтых краях, якія спрабавалі аднавіць дзяржаўнасць, гэтая палітыка была вельмі рэпрэсіўнай, вельмі жорсткай», – кажа гісторык культуры, прафесарка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Раса Чэпайціене.

Вызвольнае паўстанне 1863 года, жорстка здушанае менавіта пад ягоным кіраваннем. За публічнае пакаранне смерцю і тысячы паўстанцаў, сасланых на катаргу, Мураўёў атрымаў свае мянушкі – Вешальнік і Людажэр. На ягоны загад павесілі кіраўніка паўстання на нашых землях і аднаго са стваральнікаў беларускай нацыянальнай ідэі – Кастуся Каліноўскага. Закапаныя ля вежы Гедзіміна ў Вільні парэшткі Каліноўскага ды іншых паўстанцаў знайшлі і ўрачыста перапахавалі праз паўтара стагоддзя.

Міхаіл Мураўёў-Вешальнік. Фота baltnews.lt

Да Калінінграду ж, які ў той час належаў Прусіі, дзейнасць Міхаіла Мураўёва не мае ніякага дачынення. Але Калінінградская вобласць мяжуе з так званымі «недружалюбнымі» Расеі краінамі – Літвой і Польшчай. Некаторыя расейскія інтэрнэт-выданні пішуць, што помнік з’явіўся, цытата, «назло суседзям», а падчас урачыстага адкрыцця сенатар ад Калінінградскай вобласці Аляксандр Шэндэрук-Жыдкоў казаў:

«Сувальскі калідор, пра які мы так часта гаворым, усяго за 200 кіламетраў. А Сувальскі раён таксама быў, як і Аўгустаўскі раён, падкантрольны, імі кіраваў Міхаіл Мікалаевіч».

Помнік Міхаілу Мураўёву ў Калінінградзе – не першы выпадак спрэчных дэманстрацыяў перад суседзямі. І не толькі з боку Расеі. Да прыкладу, ля Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку з’явіўся сквер Вольнай Беларусі, дзе нашыя суайчыннікі, што ўцяклі ад рэжыму, рэгулярна ладзяць акцыі.

«Наш мінулы мэр Вільнюсу рабіў штосьці падобнае, калі перайменавалі вуліцу побач з расейскім пасольствам у вуліцу ўкраінскіх герояў. Мне падаецца, гэта наўпроставы адказ на тролінг тролінгам», – кажа Раса Чэпайціене.

Расея не спрабуе залагодзіць канфліктаў з суседзямі, а наадварот, распальвае, бо бачыць ва ўсіх ворагаў, падкрэслівае палітолаг Пётр Касьціньскі:

«Вынікаў вайны з Украінай няма. І Пуцін ды ягоныя людзі хочуць паказаць, што іх праціўнікі не толькі ўкраінцы, не толькі ўкраінская ўлада, але ўвесь Захад: і Польшча, і Літва, і іншыя».

У 1915-м для таго, каб зняць з пастаменту помнік Мураўёву ў Вільні, на шыю статуі накінулі вяроўку, сімвалічна ператварыўшы вешальніка ў вісельніка. Пабачым, які лёс чакае копію.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»