«Журналістыка – гэта штодзённая праца» – сёння дзень памяці Веранікі Чаркасавай


Светлы, абаяльны чалавек і адна з найлепшых аўтарак у гісторыі беларускай журналістыкі – так сёння згадваюць калегі Вераніку Чаркасаву.

«Са сваім пазнавальным стылем, з уменнем знаходзіць цікавыя лёсы, разгаварыць людзей, якія рэдка ішлі на кантакт з іншымі, і ўменнем вельмі цікава пісаць рэчы, не надта запатрабаваныя ў наш час», – кажа журналіст Аляксандр Старыкевіч.

Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай у ейнай кватэры ў Менску 20-га кастрычніка 2004 года. Забойца нанёс жанчыне больш за 40 удараў нажом. Падазраванымі ўлады паспрабавалі зрабіць 15-гадовага сына журналісткі, а таксама ейнага айчыма. Калі ж не ўдалося – справу прыпынілі праз немагчымасць высветліць асобу злачынцы.

«Было некалькі грунтоўных журналісцкіх расследаванняў вакол забойства Чаркасавай, але гэтыя версіі ніяк не паўплывалі на працу следства, яно дагэтуль прыпыненае, і ёсць, на жаль, такое падазрэнне, што пры гэтай уладзе наўрад ці даведаемся пра асобу ці заказчыкаў гэтага забойства», – лічыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Следства адразу галоўнай версіяй лічыла забойства на побытавай глебе, але калегі Чаркасавай звязваюць гэтае злачынства з прафесійнай дзейнасцю журналісткі.

«Яна магла мець інфармацыю датычна аднаго банку, які быў замяшаны ў сумнеўных аперацыях. Але, на жаль… далей мусіла высвятляць следства, аднак яно не было надта ў гэтым зацікаўленае», – кажа Аляксандр Старыкевіч.

Пасля смерці журналісткі сябры і родныя ўклалі зборнік з яе артыкулаў, многія з якіх застаюцца актуальнымі і сёння.

«Тут нядаўна прэзідэнт па тэлевізары палохаў народ абяцаннямі прымусіць усіх палюбіць радзіму. Дазволю сабе выступіць з сустрэчнаю ініцыятываю: а што, калі нашая радзіма таксама паспрабуе палюбіць нас? Такімі, якія мы ёсць (…). Можа быць, тады і нас не давядзецца прымушаць, і будуць нашыя пачуцці ўзаемнымі, моцнымі і натуральнымі», – пісала Вераніка Чаркасава ў артыкуле «Эта страна напротив».

Вераніка Чаркасава была адной з запачаткавальнікаў у Беларусі жанру журналісцкага расследавання, лічыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«Яшчэ тады, напрыканцы 90 на пачатку 2000-х, ім удавалася рабіць якасныя расследаванні. Не маючы інтэрнэту, не маючы сучасных праграмных сродкаў, яны рабілі вельмі глыбокія матэрыялы і вельмі глыбокія публікацыі», – кажа Барыс Гарэцкі.

За тыя 17 гадоў, што прайшлі з дня смерці Веранікі Чаркасавай, праблемы незалежных журналістаў у Беларусі нікуды не падзеліся.

«Сёння, у гадавіну забойства Веранікі Чаркасавай, зноў сутыкаемся з апалай на чарговае выданне – ператрусы ў «Новым часе». Відавочна, што ўлада працягвае разглядаць журналістаў як сваіх ворагаў», – кажа Барыс Гарэцкі.

Ператрусы прайшлі ў офісе выдання і ў кватэрах галоўнай рэдактаркі «Новага часу» Аксаны Колб ды намесніка рэдактара Сяргея Пульшы. Агулам жа колькасць аглядаў ды ператрусаў у працаўнікоў медыяў толькі ў гэтым годзе набліжаецца да ста сарака. 28 нашых калегаў застаюцца за кратамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»