Восень: у паліклініках ізноў растуць чэргі


Прыйшла восень, і на прыём да лекараў ізноў не трапіць. У сацсетках з’явіліся фота чэргаў у паліклініцы ў Жодзіне ды ў Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклініцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тое, што сезон інфекцыяў пачаўся, пацвярджаюць і нашыя гледачы:

«Вірусы атакуюць, захварэлі ўсе – поўны набор: тэмпература 38+ і кашаль, насмарк, горла баліць. Ужо пяты дзень мучымся».

«Сітуацыя з COVID цяжкая. Дачка з унучкай ляжаць у дзіцячай інфекцыйнай больніцы. Няма нават градуснікаў. З пацверджаным тэстам. Учора захварэла мама, яна сталы чалавек. Тэмпература 38, паехалі ў паліклініку, тэстаў не робяць. Прызначылі парацэтамол і вітаміны», – пішуць нам у сацсетках.

Эпідэміёлагі папярэджвалі пра моцны ўсплёск захваральнасці на грып сёлета, але пачатак вакцынацыі ад грыпу Міністэрства аховы здароўя запланавала толькі першага кастрычніка. Але прышчапіцца ніколі не позна, мяркуе лекар платформы «еЗдароўе» Мікіта Шрэдэр.

«Гэтая сезоннасць, усталяваная ў Беларусі, дастаткова ўмоўная зʼява, бо людзі хварэюць увесь час. Я думаю, што правільней адштурхоўвацца не ад сезоннасці захворвання, а ад таго, як чалавек прышчэпліваецца. Бо перыяд дзеяння вакцыны складае ўмоўна год», – тлумачыць Мікіта Шрэдэр.

Але сезоннасць, прынятая ў Беларусі, уплывае і на тэрміны закупкі вакцынаў. Таму прышчапіцца можна толькі тады, калі прапаноўваюць.

І хоць Міністэрства аховы здароўя дапускае адначасовую вакцынацыю ад ковіду і грыпу, лекары спалучаць прышчэпак не раяць.

«Умоўна гэта бяспечна. Такая практыка ў свеце ёсць, і пакуль няма доказаў, што гэта выклікае негатыўны эфект. Але гэта дастаткова высокая рызыка, што вакцыны аслабяць адна адну, што штосьці не так пойдзе ў арганізме, што разаўецца пабочны эфект і мы не зможам адсачыць ад чаго менавіта», – кажа Мікіта Шрэдэр.

Хоць міністэрства і рэкамендуе рабіць прышчэпкі ад ковіду, статыстыкі аб гэтай інфекцыі ў Беларусі няма ніякай. Апошнія лічбы інфікаваных публікавалі яшчэ ў ліпені. А на мінулым тыдні міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч так выказваўся пра сітуацыю з ковід-19 у краіне:

«У Беларусі рэгіструецца невялікі рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, грып і COVID-19, аднак тэмп прыросту ў два разы ніжэйшы, чым увосень 2021 года».

У суседніх краінах ад пачатку верасня фіксуецца значны рост колькасці зарэгістраваных выпадкаў ковіду. Гэтак, паводле статыстычнага парталу worldometer.info, у Польшчы за мінулы тыдзень зарэгістравана амаль на траціну больш інфікаванняў, чым за папярэдні. У Літве і Латвіі павелічэнне склала каля 50 адсоткаў. На 10 адсоткаў больш выявілі інфекцыяў і ў Расеі. Павялічылася ўва ўсіх суседзяў і колькасць смяротных выпадкаў.

Таму парада беларусам ад лекараў ранейшая – прытрымлівацца захадаў бяспекі і прышчэплівацца, хаця б не надта эфектыўным «Спутнікам». А лекара ў выпадку неабходнасці можна наведаць у онлайн-рэжыме, напрыклад на інтэрнэт-платформе «еЗдароўе».

«Нашыя лекары могуць сарыентаваць, наколькі сітуацыя экстранная, можна штосьці зрабіць дома, ці сітуацыя такая, што трэба ісці ў паліклініку ці выклікаць хуткую дапамогу. Гэта такая простая дыягностыка на аснове анамнезу, якую нашыя лекары могуць зрабіць», – кажа лекар Уладзімір Свіркоў, сузаснавальнік праекту «еЗдароўе».

Бальнічнага лекар онлайн не выпіша і рэцэпту на лекі не выдасць. Але парады дактароў «еЗдароўя» кваліфікаваныя і могуць выручыць у сітуацыі дэфіцыту медычных кадраў і ў сітуацыі ўсплёску захваральнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»