Горадня: будоўлю прыпынілі раскопкі


А мы пераносімся ў заходнюю Беларусь. У цэнтры Горадні прыпыненае будаўніцтва аб’екту бізнесоўца Станіслава Сямашкі. Рэшткі старажытных будынкаў і археалагічныя артэфакты выйшлі на паверхню пад час капання катлавану на ўчастку, не ацэненым археолагамі яшчэ да старту праекту. Чаму раскопкі пачаліся толькі цяпер, якая іхная мэта і што будзе далей з участкам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гістарычны цэнтр Горадні. Пабудаваць дом за год на ўчастку паміж домам купца Мураўёва і новым будынкам апарт-гатэлю на Калючынскай узяўся бізнесовец Станіслаў Сямашка.

Экскаватары і грузавікі аднак пакінулі катлаван. Рэзананс выклікалі фота, зробленыя напярэдадні праз плот будоўлі: рабочыя раскапалі фрагменты збудаванняў, у прыватнасці арка са скляпеннямі і частка сцяны.

Супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй Вайцяховіч паведаміў выданню Sputnik:

«Я бачыў гэтае фота і чытаў дыскусіі. На фота ўсё выглядае так, быццам гэта паўнавартасны ўваход у склеп. На самай справе там усё было завалена. З таго, што захавалася, – гэта фрагмент аркі са скляпеннямі, частка сцяны, а ўсё, што паміж імі – развалена і разбіта. Суцэльных паўнавартасных скляпенняў тут няма, былі знойдзеныя толькі фрагменты, але яны ў такім стане, што захаваць іх немагчыма».

Андрэй Вайцяховіч на працягу тыдня перад спыненнем прац вёў археалагічны нагляд на аб’екце. Заключыў, што падвалы былі разбітыя падчас зносу дому Лапіных, які стаяў на гэтым месцы з канца XIX да сярэдзіны XX стагоддзя.

Раскопкі ж прызначылі, калі знайшлі ў катлаване прадметы меркавана XV стагоддзя – скураныя і драўляныя прадметы, кафлю і іншыя.

«Калі пачалі капаць, то безумоўна знайшлі ў горадзе рэшткі археалагічныя. Не толькі артэфакты, але і рэшткі будынкаў. Пра гэта было вядома, што там была гарадская забудова 15-16 стагоддзя. Было вядома, што ў 18-19 стагоддзі там стаялі дамы. Гэта рынкавая плошча, цэнтр гораду», – кажа археолаг Віталь Ашэйчык.

Участак з каштоўным культурным пластам меліся выявіць пры іншых акалічнасцях.

Паводле кодэксу Мінкультуры Беларусі ды інструкцыяў аб правядзенні археалагічных даследаванняў Нацыянальнай Акадэміі Навук на этапе праектавання новых абʼектаў у гістарычнай частцы гораду трэба: вывучыць гістарычныя архіўныя крыніцы, абследаваць участак візуальна (каб фіксаваць магчымыя няўлічаныя археалагічныя абʼекты), правесці дэнтальныя археалагічныя работы.

«У дадзеным выпадку гэта павінныя быць раскопкі. Археалагічны нагляд, які цяпер праводзіўся, супярэчыць інструкцыі, якую сам для сябе і напісаў Інстытут гісторыі НАН. Там напісана, што археалагічны нагляд праводзіцца пры немагчымасці правядзення археалагічных раскопак», – акцэнтаваў Віталь Ашэйчык.

Што замінала своечасова правесці раскопкі? Гісторык Сцяпан Стурэйка кажа – праблема не сённяшняя і сістэмная – рашэнні не на карысць захавання археалагічных слаёў Горадні перыядычна на слыху. Па-другое:

«У жорсткіх умовах вядзення бізнесу, і, у прыватнасці, будаўнічага бізнесу ў Беларусі інвестар (асцярожна скажу) не зусім зацікаўлены ў такім грунтоўным вывучэнні гэтых археалагічных пластоў, бо ў яго вельмі сціслыя тэрміны», – кажа Сцяпан Стурэйка, эксперт у пытаннях захавання культурнай спадчыны.

Калі вярнуцца да васьмі сотак, якія з аўкцыёну летась выкупіў бізнесовец Станіслаў Сямашка, то ўзвесці тут ён мае права толькі абʼект грамадскага прызначэння. Будынак мае ўлічваць выгляд і канфігурацыю пабудовы, якая тут месцілася раней. Макет праекту бачым на банерах, якімі абнеслі плот прыпыненай будоўлі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»