Армія стукачоў


«Мы бясконца праклінаем таварыша Сталіна, і, вядома ж, па справе. І ўсё-ткі я хачу спытаць – хто напісаў чатыры мільёны даносаў?» – пытаўся вядомы расейскі пісьменнік і публіцыст Сяргей Даўлатаў.

У Беларусі ў адказе на падобнае пытанне з’явіліся амаль тры тысячы прозвішчаў. Групоўка хакераў «Кіберпартызаны» выклала ў Сеціва базу дадзеных інфарматараў, якія даносілі на сваіх суграмадзянаў за іх актыўную палітычную і грамадзянскую пазіцыю, супрацьлеглую лукашэнкавай.

Ну што ж, новая беларуская гульня як сімвал нашага часу з’явілася дзякуючы чарговаму зліву «Кіберпартызанаў». Гульня называецца «Знайдзі свайго стукача». І, спадарства, калі ласка, нават у маёй роднай Горадні 166 гэткіх добраахвотных інфарматараў знайшлося! З іх 13 – у маім родным мікрараёне, і адзін нават знайшоўся ў маім доме.

«Кіберпартызаны» цвердзяць, што ўзламалі базу выклікаў 102 і супольна з Кааліцыяй пратэставых двароў працавалі над вылічваннем тых, хто здаваў сумленных беларусаў карнікам рэжыму Лукашэнкі.

Тэлефаную па адным з гарадзенскіх нумароў, пазначаных у базе ад «Кіберпартызанаў». Жанчына на другім канцы дроту эмацыйна пацвярджае: так, у міліцыю тэлефанавалі, але не яе муж, пазначаны ў злітай базе, а яна сама. Пры гэтым інфарматарка, якая данесла, што ў суседа на гаўбцы вывешаны сцяг, сваё імя назваць адмовілася:

БЕЛСАТ: «Напісана, што 13 верасня 2020-га года данеслі на суседа, які жыве ў 52-й кватэры пра тое, што «на балконе висит бчб флаг». Было такое?»

Інфарматарка: «Я данесла! Я асабіста патэлефанавала ў міліцыю! У нас гаўбцы побач, разумееце? Гэты сцяг вісеў на ўсе гаўбцы, агромністае палотнішча! А я вялікая праціўніца гэтых бчбшнікаў! І я асабіста патэлефанавала ў міліцыю, я не адмаўляюся ад сваіх словаў. І прыязджала міліцыя да нас. Яны сфатаграфавалі здалёк, што вісеў гэты сцяг. Яны са мною паразмаўлялі, напісалі паперу. А потым пачалі званіць і грукаць у дзверы суседу. Але ён дзверы не адчыніў, але сцяг знік і больш не з’яўляўся».

Агулам апублікавалі 2842 прозвішчы асобаў, паводле чыіх даносаў людзей затрымлівалі і збівалі ў жніўні-верасні 2020-га. Створаная адмысловая інтэрактыўная «Мапа калабарантаў», якая змяшчае не толькі імя і прозвішча, адрас і тэлефон кожнага з інфарматараў, але нават змест іхных даносаў.

«На мяне за паўтара месяца – чатыры даносы ў Савецкі РАУС. Чатыры разы мяне выклікалі: то я рэпосціў не тое, то я нацысцкую сімволіку распаўсюджваю, то дрэнна гавару пра прэзідэнта. І калі я выклаў прозвішча – у мяне атрымалася даведацца, хто гэта робіць, – ён напісаў на мяне заяву, каб прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці за распаўсюд яго асабістых дадзеных і за тое, што я нанёс яму найглыбейшую абразу тым, што я назваў яго ў «Фэйсбуку» інфарматарам», – дзеліцца ўласным досведам дачыненняў з стукачамі гісторык Ігар Кузняцоў.

«Кіберпартызаны» падкрэсліваюць, што гэта толькі першая частка, будуць і наступныя. Вядомы даследнік сталінізму ў Беларусі Ігар Кузняцоў з хакерамі пагаджаецца: насамрэч стукачоў у нашай краіне нашмат больш:

«Гэта тэлефанаванні толькі на 102 і каторыя атрымалася выявіць. Тэлефанавалі ў РАУС, тэлефанавалі ў іншыя структуры: у МНС, КДБ, тыя пераадрасоўвалі – вось гэтага мы не ведаем колькі. Таму 3 тысячы – гэта толькі тое, што было выяўленае ў нейкай базе».

Надзвычай сімвалічна выглядае тое, як усе выяўленыя стукачы на мапе зліваюцца ў выяву ўсяе Беларусі. Добраахвотным інфарматарам можа аказацца і твой сусед, і калега, і нават… родная маці. Сын адной з гэткіх інфарматарак напісаў нам у рэдакцыю:

«Я здагадваўся, што маці можа даносіць на пратэстоўцаў. Яна брала ўдзел у «чырвона-зялёных» мерапрыемствах. Пабачыўшы ў мяне бела-чырвона-белы сцяг, крычала на мяне, што я прынёс дадому фашызм. Выклікала за сцяг міліцыю на суседку. Я знайшоў яе імя і прозвішча ў спісе стукачоў. Я, сястра і яе сям’я спынілі ўсялякія адносіны з маці. Мы лічым яе хворай».

Тое, што стукацтва – гэта хвароба, але не канкрэтнага чалавека, а ўсяго грамадства, згодны і гісторык Ігар Кузняцоў. А вось ці ёсць ад яе нейкія лекі?

«Самы радыкальны спосаб – выкладваць прозвішчы ўсіх вядомых у вольны доступ. Вось я выклаў прозвішча – і адразу пайшлі на мяне заявы, бо пачалі баяцца! То бок хто на мяне піша: маўляў, як так ён на мяне напісаў-та?! А ты на мяне пішаш, ты пішаш на дзясяткі іншых людзей – ці ты думаеш, што гэта ў таямніцы будзе?» – тлумачыць сілу галоснасці Кузняцоў.

Што ж да прычынаў гэтай хваробы, дадае даследнік сталінізму, то найперш гэта хваля нянавісці, якая ліецца з праўладных медыяў, а таксама гарантаваная ўладамі ненавіснікам абсалютная беспакаранасць. І калі сітуацыі не выправіць, то хвароба будзе толькі ўбірацца ў моц.

Валера Руселік, Белсат