4 смерці ля беларускай мяжы


Чацвёра памерлі, дзясяткі – у розным стане шпіталізаваныя. Рэшта блукае ў лясах уздоўж мяжы Беларусь – Еўразвяз, мерзне, плача і галадае. Агулам амаль 700 мігрантаў у мінулыя выходныя спрабавалі трапіць у краіны аб’яднанай Еўропы, якія мяжуюць з Беларуссю. Палякі дапыталі спадарожнікаў загінулага на польскім баку…Аналізы крыві, у тым ліку на таксіны, праверка цела і страўніку…

Судмедэксперты, Паліцыя і Пракуратура высвятляюць прычыны і акалічнасці смерці грамадзяніна Іраку, які памёр недалёка ад Літоўскай мяжы на польскай тэрыторыі. Мар’юш Каміньскі, міністр унутраных справаў Польшчы:

«Згодна з паказаннямі апытаных, тройка іракцаў аддзялілася ад групы і трапіла ў Польшчу праз літоўскую мяжу. Праз некаторы час адзін з іх, які потым памёр, пачаў настолькі дзіўна сябе паводзіць, што спадарожнікі тэлефанавалі ў Ірак да яго сям’і з пытаннем, ці ўжывае ён наркотыкі. Пачулі, што не ўжывае».

Гэта ўжо не першая гісторыя пра атрыманую на беларускім баку пігулку «на выпадак знясілення».

Апроч версіі згону праз інтаксікацыю правяраюць дзве іншыя – пераахалоджанае і… забойства… У сацыяльных сетках з’явіліся фота цела загінулага побач з партрэтам пры жыцці, а таксама імя – Ахмэд Хамэд ад-Дабаўі. Імаверных імёнаў яшчэ двух загінулых – пакуль не ведаем. Беларускі бок паведамляе пра 39-гадовую грамадзянку Іраку, муж якой на відэа паказвае, што сямʼя сутыкнулася з гвалтам.

Цела гэтай жанчыны бачылі і польскія патрулі, кажа галоўны камендант Памежнай службы Польшчы Томаш Прага:

«Мы паведамілі пра сітуацыю беларускаму боку. Але яны праігнаравалі інфармацыю. Першы патруль з’явіўся на месцы праз некалькі гадзінаў і прайшоў міма. Пазней другі – канстатаваў смерць. Мы задаем пытанне: ці выпадкова, што ўчора ў амаль аднолькавым часе мелі месца адразу тры такія выпадкі?»

Вінаватым у смерці мігрантаў на беларуска-польскай мяжы нашыя суседзі называюць рэжым Лукашэнкі, які захоўвае сябе, як мафія. Арганізатары трафіку мігрантаў зрабілі перадусім Нямеччыну магнітам, з дапамогаю якога прыцягваюць людзей з краінаў Сярэдняй Азіі і Афрыкі нелегальна перасякаць заходнія межы Беларусі за вялікія грошы.

Ахоўнікі польскай мяжы дэманструюць запісы, зробленыя стацыянарнымі камерамі назірання і з дронаў. Відэа сведчаць пра злачынныя дзеянні беларускіх памежнікаў, кажа прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі:

«Мы абсалютна перакананыя, што мігрантаў з беларускай тэрыторыі прывозяць з пляцовак Беларускага памежнага камітэту. Там іх лакалізуюць, інструктуюць, а потым прывозяць транспартам беларускіх памежнікаў пад польскую мяжу».

Праз месяц у Беларусь могуць хлынуць дзясяткі тысяч грамадзянаў з краінаў з высокім міграцыйным патэнцыялам. Указам Лукашэнкі № 345 бязвізавы ўезд праз УЖО ЎСЕ аэрапорты аблцэнтраў Беларусі 17-га кастрычніка адкрыецца між іншых для грамадзянаў Ірану, Вʼетнаму, Пакістану, Егіпту, Паўднёвай Афрыкі. Афіцыйна – у турыстычных мэтах.

Мар’юш Каміньскі, міністр унутраных справаў Польшчы:

«Аэрапорт у Горадні будзе ажжыцяўляць міжнародныя пералёты. Гэта гарантуе сотні тысячаў мігрантаў з Ісламабаду, Паўднёвай ці Паўночнай Афрыкі. Гэта азначае, што праціўнік (на жаль гэтак маем называць) хоча, каб крызіс расцягнуўся на месяцы і меў вельмі трывожнае аблічча».

У выходныя расце актыўнасць у памежных лясах. Гэтак у Літву за суботу і нядзелю не прапусцілі 60 мігрантаў, у Латвію – каля 50. На польскай мяжы 18-га верасня налічылі 324 спробы незаконнага пранікнення з Беларусі, 19-га верасня – 276 спробаў.

Агулам, за яшчэ ня скончаны месяц каля чатырох тысячаў так званых «нелегалаў» спынілі ля польскай мяжы. Там, як і ў Латвіі – дзее рэжым надзвычайнага становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю. У Літве – на ўсёй тэрыторыі – дзее рэжым экстрэмальнай сітуацыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»