Ці стануць пасткай для беларусаў і расейцаў еўрапейскія візавыя абмежаванні?


Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс лічыць неабходным сказаць рашучае «не» ў выдачы шэнгенскіх візаў расейцам і беларусам. Тым самым далучыўшы Літву да шэрагу еўрапейскіх краінаў, якія ўжо выступілі за візавыя абмежаванні.

Такія заявы непакояць беларусаў. Асабліва тых, хто застаецца ў Беларусі ды асцерагаецца палітычнага пераследу.

«Не трэба істэрыкі, не трэба дэзынфармацыі. Досыць многія краіны, у тым ліку міністр Габрыелюс Ландсбергіс, дакладна сказалі, што «не – турызму, але так – дапамозе рэпрэсаваным», – тлумачыць літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Візавыя абмежаванні – захада не новая. Яшчэ напачатку каронавіруснай пандэміі для кантролю над захворваннем былі закрытыя межы і спыненая выдача візаў у турыстычных мэтах. Тая ж Літва дагэтуль не аднавіла ў поўным аб’ёме турыстычнага візавання.

З пачаткам новай фазы вайны ва Украіне жаданне расейцаў і беларусаў падарожнічаць і адпачываць еўрапейскія дыпламаты разглядаюць як гуманістычна недарэчнае.

«У той час, калі расейская дзяржава і расейскі ўрад займаюцца самым жудасным – агрэсіяй супраць незалежнай краіны, – грамадзянам гэтай краіны, якія жывуць там, ездзіць па турыстычных візах, мне падаецца, маральна проста непрымальна», – падкрэслівае лідарка эстонскай партыі «EESTI 200» Крыстына Каллас.

Але пры ўсім гэтым Еўропа захоўвае калідоры для грамадзянаў Расеі ды Беларусі па гуманітарных візах. Вось толькі з атрыманнем могуць узнікнуць пэўныя праблемы, лічыць прадстаўнік у замежных справах і намеснік кіраўніка аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі:

«Гуманітарныя візы – для іх трэба нейкае абгрунтаванне. Як знайсці гэтае абгрунтаванне для тых людзей, якія на сённяшні дзень не сталі ахвярамі рэпрэсій ці робяць сваю справу, маю на ўвазе справу пратэсту менш заўважна для медыя і іншых людзей?»

Усхвалявала беларусаў і расейцаў прапанова ануляваць ужо выдадзеныя візы, што вымусіць асобу пакінуць тэрыторыю еўрапейскай краіны. Але ў Еўропе цвяроза глядзяць на тое, каго можа закрануць ануляванне. Прыпыняць працэдуры, якія гарантуюць бяспеку, еўрапейцы не намераныя.

«Для тых расейцаў, якім праблематычна вяртацца ў Расею з прычыны палітычных поглядаў ці выказванняў, заўжды застаецца ў Еўропе, у Еўрапейскім Звязе, у тым ліку і Эстоніі, магчымасць падаць на статус палітычнага ўцекача», – кажа Крыстына Каллас.

Зрэшты, замест крытыкі, мяркуе літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс, беларусы маглі б уключыцца ў працэсы, каб распазнаць асобаў, датычных да ґвалту і рэпрэсіяў. Чаго якраз і імкнецца дасягнуць еўрапейская супольнасць.

«Ёсць тыя, хто застаецца часткай рэпрэсіўнага апарату і катаецца па Еўропе. Ёсць тыя, хто нічога не зрабіў, але прыкідваюцца вялікімі дэмакратамі. Ці вельмі шмат зрабілі, напрыклад, удзельнічалі ў пратэстах, а выехалі, каб вывезці свае актывы, бо стала некамфортна жыць», – зазначае літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Пакуль жа агульнаеўрапейскай пазіцыі аб візавых абмежаваннях для расейцаў і беларусаў няма. Больш за тое, супраць гэткай захады выступаюць Нямеччына, Грэцыя, Кіпр і Партугалія.

Марыля Дакуцька, «Белсат»