Паміж дзвюх межаў


Канцлер Нямеччыны Анґела Мэркель рэзка асудзіла выкарыстанне ўладамі Беларусі, цытата, «ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедства». Пра гэта яна заявіла падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Журналісты «Белсату» пабывалі на польска-беларускай мяжы і на свае вочы пабачылі, што адбываецца з мігрантамі, якія апынуліся паміж дзвюх межаў: беларускай і польскай.

Мястэчка Уснаж Гурны, Падляскае ваяводства. Тут праходзіць беларуска-польская мяжа. Ужо 12 дзён некалькі дзясяткаў асобаў, якія намагаліся нелегальна патрапіць у Польшчу, заблакаваныя тут на невялічкім кавалку нейтральнай тэрыторыі: у Польшчу іх не пускаюць польскія памежнікі, а вярнуцца ў Беларусь не дазваляюць беларускія вайскоўцы.

Цяпер у часовым лагеры 32 асобы – грамадзяне Афганістану, сярод якіх 4 жанчыны і 15 гадовая дзяўчына. Нехта з мігрантаў нават узяў з сабою ў рызыкоўную вандроўку ката. Першапачаткова разам з афганцамі тут былі і каля двух дзясяткаў грамадзянаў Іраку, але некалькі дзён таму гэтай групе ўдалося вярнуцца ў Беларусь.

«З таго што мы ведаем яны былі прывезеныя ў Беларусь у цяжкавіках. Яны ня ведалі куды дакладна едуць. Людзі,якія іх везлі, былі ў масках і на ўсе пытанні адказвалі агрэсіяй, таксама іх білі», – распавядае Каліна Чварнуг, прадстаўніца фонду «OCALENIE».

Са словаў мігрантаў, у выніку патрапіць у Польшчу ім удалося. Пасля яны былі затрыманыя супрацоўнікамі польскай паліцыі ды перададзеныя памежнікам, якія прывезлі іх на пляцоўку ў Уснажы Гурным ды загадалі мігрантам вяртацца ў Беларусь. Аднак у Беларусь іх не пусцілі ўжо беларускія вайскоўцы.

Цяпер мігранты апынуліся заблакаванымі на невялічкім кавалку тэрыторыі без якіх-кольвек побытавых умоваў паміж дзвюма групамі ўзброеных людзей.

Валанцёры фонду «Оцалене» дапамагаюць ім ежаю і вадою. Працуе з мігрантамі і перакладчык.

«Мы паразмаўлялі з імі наконт стану здароўя. Ёсць розныя праблемы з пазваночнікам, з рознымі іншымі рэчамі. Але людзі кажуць, што не хочуць ужо ежы і не хочуць пітва. Мусяць вельмі мала піць і вельмі мала есці, таму што ім няма дзе задаволіць свае фізічныя патрэбы. Казала нам пра гэта адна 50-гадовая жанчына, якой няма куды ісці пры мужчынах, пры войску», – кажа Пётр Быстранін з фонду «OCALENIE».

Міграцыйнае пытанне сталася адною з галоўных тэмаў у польскай павестцы дня. І калі наконт таго, ці абавязана Польшча прымаць мігрантаў меркаванні разыходзяцца, то ў тым, што міграцыйны крызіс з’яўляецца спланаванаю кампаніяй беларускіх уладаў, польскія палітыкі адзінагалосны.

«Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае гэтых людзей як зброю для ціску на Польшчу. Такое цынічнае выкарыстанне людзей чаканае ад Лукашэнкі, але ад Польшчы мы павінныя чакаць больш, Польшча мусіць трымацца права:

затрымаць гэтых людзей, спраўдзіць іх асобу, прыняць унёскі на міжнародную абарону і прыняць рашэнне», – кажа Мацей Канечны, дэпутат польскага Сейму.

Польскія і еўрапейскія ўлады называюць плынь мігрантаў з боку Беларусі – часткаю гібрыднай вайны рэжыму Лукашэнкі ды не збіраюцца саступаць. Ахвярамі ж у гэтай вайне становяцца падманутыя мігранты.

Алесь Баразенка, Белсат